Гэту вельмі рэдкую птушку ўбачыў на сваім двары старэйшына вёскі Варганы Докшыцкага раёна Леанід Таіраў.

Абсалютна белы верабей панадзіўся разам са сваімі сабратамі прылятаць да куранят ласавацца іх кормам. Праз некаторы час птушкі сталі такімі смелымі, што не пужаліся і чалавека. Але белы верабей, быццам ведаючы пра сваю незвычайнасць, заставаўся па-ранейшаму пужлівым і асцярожным. Таму шмат прыйшлося пасядзець у засадзе фотакарэспандэнту, каб сфатаграфаваць гэта цуда прыроды, якое, пэўна, адчувала прысутнасць чалавека, бо так і не апусцілася на зямлю, каб клюнуць зярнятка.

Белы верабей-альбінос у прыродзе – гэта вельмі рэдкая з’ява. Сярод звычайнай папуляцыі птушак ён сустракаецца адзін на мільён, таму ўбачыць яго вялікая ўдача.
Вучоныя тлумачаць асаблівасць белай афарбоўкі адсутнасцю у пер’ях птушкі такога рэчыва, як меланін. Гэта можа быць звязана, на іх думку, з дрэннай экалагічнай сітуацыяй або мутацыяй у сярэдзіне вераб’інай папуляцыі.

Вучоным у Растоўскай вобласці ўдалося злавіць вераб’я-альбіноса. Яго пасялілі ў клетку са спадзяваннем, што, магчыма, яму ўдасца адшукаць сяброўку-бландзінку і вывесці новую папуляцыю. Дарэчы, Таіраў сцвярджае, што ён адначасова бачыў дзвюх птушак. Можа, гэты факт зацікавіць і нашых беларускіх вучоных?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?