У Беларусі сталі частымі выпадкі так званага «кланіравання» SIM‑карт сотавых аператараў, гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей (УІГС) МУС.

Рост падобных махінацый у міліцэйскім ведамстве звязваюць, перш за ўсё, з павелічэннем колькасці абанентаў сотавай сувязі. Для грамадзян, якія аддаюць перавагу паслугам адразу некалькіх мабільных аператараў, выгада ад выкарыстання вырабленых саматужным спосабам мультысімкарт відавочная: перайсці з адной сеткі ў іншую можна адным націсканнем кнопкі (адпадае неабходнасць пастаянна насіць з сабой некалькі мабільных тэлефонаў або мяняць SIM‑карты пры карыстанні адной трубкай). Разам з тым падобныя маніпуляцыі забаронены законам.

У якасці прыкладу такой дзейнасці УІГС паведамляе, што ў пачатку сакавіка супрацоўнікамі ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС быў затрыманы 46‑гадовы жыхар Брэста, які, вырабляючы універсальную мультысімкарту свайму знаёмаму, ажыццявіў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі аднаго з сотавых аператараў краіны. Як лічыць следства, для ўзлому SIM‑карт ён спампаваў з інтэрнета праграмнае забеспячэнне з уведзенай туды шкоднай праграмай, якая пераправіла інфармацыю, што ідэнтыфікуе абанента сотавай сеткі, на спецыяльны адрас электроннай пошты. Яе скарысталі ўкраінскія хакеры для вырабу «карты‑клона», якая прымянялася для прадастаўлення платных паслуг міжнародных тэлефонных размоў. Такім чынам беларускаму ўладальніку мультысімкарты быў прычынены ўрон у памеры 71 мільёна рублёў.

МУС нагадвае, што «кланіраванне» SIM‑карт звязана з несанкцыянаваным доступам да камп’ютэрнай інфармацыі аператара сотавай сувязі і з’яўляецца супрацьзаконным. Крымінальным заканадаўствам краіны за падобныя дзеянні прадугледжана пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў. Акрамя таго, выкарыстанне шкодных праграм, спецыяльна прызначаных для ўзлому абароны SIM‑карт, караецца (пры цяжкіх наступствах) пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?