Беларускі ўрад заўсёды раіў рабіць нашую радзіму цікаваю для іншаземцаў. Нарэшце грамадзяне прыслухаліся да яго парадаў: 24 гадовы мінчук Улад Андросаў два гады таму адкрыў уласны бізнес у галіне медыцынскага турызму. Ці складаны быў гэты квэст, чытай у нашым альманаху.

Схема бізнесу даволі простая: ёсць кліент з недахопам зубоў, крывым носам або малымі грудзямі, які жыве ў Штатах, Еўропе або іншай краіне ўсеагульнага дабрабыту. У яго ёсць страхоўка, але яна не пакрывае аперацыі «па жаданні» — гэта ўсё, што звязана з фігурай, прыгажосцю ды іншымі не вызначальнымі для жыцця і здароўя фактарамі. А яшчэ чарга ў гэтай краіне на такія аперацыі аграмадная, як Вялікае Княства Літоўскае, — дабрабыт жа ўсеагульны. Таму і даводзіцца шукаць вольнага доктара за мяжой.

А каб не згубіцца ў мове, коштах ды транспарце, кліенту трэба звярнуцца па дапамогу да медыцынскага тур-аператара — пасярэдніка, які забяспечыць пацыенту «мяккую пасадку» ў крэсла той або іншай клінікі. Ён і ў аэрапорце сустрэне, і з доктарам пазнаёміць, і нават у гандлёвы цэнтр за тышоткай звозіць.
А пасля яшчэ і пра здароўе будзе запытваць.

Прыкладна такая мікрасхема выстройвалася ў галаве Улада, калі ён ішоў у Міністэрства спорту і турызму атрымліваць ліцэнзію. «Пошукі ідэі для свайго бізнесу пачаліся яшчэ з трэцяга курса ўніверсітэта, — успамінае Улад, калі мы накіроўваемся ў ягоны офіс. — Часцютка афтэрпаці, якія працягваліся да самага світанку, ператвараліся ў бізнес-паседжанні. Аднойчы з сябрам мы чатырыгадзіны абмяркоўвалі вытворчасць лёду і прыйшлі да высновы, што такой індустрыі ў Менску і Беларусі няма. У выніку, а 8-й гадзіне раніцы я тэлефаную бацьку і кажу: „Тата, мы адкрываем бізнес“. З боку гэта выглядала, вядома, трохі дзіўна, але сведчыла аб празе да прадпрымальніцтва ўжо тады».

Мы заходзім у офіс, які месціцца на «паўдругім» паверсе адной з менскіх сталінак, запарваем гарбату, размешваем цукар. «Мне заўсёды хацелася зрабіць нешта новае, цікавае і звязанае з Беларуссю, — працягвае Улад. — Я доўга не мог знайсці такога прадукту ў сферы турызму, які б прыцягнуў увагу іншаземцаў. З’язджаць самому ці арганізоўваць звычайныя туры ў замежжа не хацелася, а аб’ектаў гістарычна-культурнага турызму ў нас няшмат. Таму і спыніў свой выбар на медыцынскім турызме. Насамрэч, гэтая ідэя прыйшла нечакана.

Аднойчы я гасціў у сваякоў у Галандыі, дзе выпадкова мы завялі гутарку пра лячэнне зубоў і кошты. Высветлілася, што паставіць зубны імплантант у Беларусі каштуе ў 3–4 разы танней, чым у Галандыі, а якасць паслугі пры гэтым адпаведная».

У кожным рэгіёне ёсць свае краіны-донары і краіны-рэцыпіенты: у Паўночнай Амерыцы, напрыклад, людзі едуць з ЗША і Канады ў Мексіку, Коста-Рыку ці на Кубу; аўстралійцаў прымаюць Тайланд і Новая Зеландыя; з Германіі ды Францыі паток ідзе ў Чэхію і Венгрыю.

Сусветным лідарам у галіне медыцынскага турызму традыцыйна выступае Ізраіль: 15 тыс. замежнікаў штогод пакідаюць там каля 40 млн даляраў. Гэта звязана з таннасцю паслуг і Мёртвым морам.
Міжнародная каардынацыя структуры ажыццяўляецца Асацыяцыяй медыцынскага турызму, штаб-кватэра якой месціцца ў Нью-Ёрку. Акрамя акрэдытацый яна выдае яшчэ часопіс.
«Спачатку мы зрабілі вялікую памылку ў арганізацыі бізнесу, — успамінае Улад. — Мы арыентаваліся выключна на англамоўны сегмент, а ўжо потым сайт перакладаўся на рускую мову. З цягам часу, калі я пачаў атрымліваць заяўкі з Масквы, Піцера, Прыбалтыкі, Польшчы і Скандынавіі, пачало прыходзіць разуменне, што медыцынскі турызм — рэгіянальная з’ява.
Галоўную ролю тут адыгрываюць этнічныя і ментальныя фактары: людзям прасцей разумець тую мову, якой яны валодаюць».

У MedTravelBelarus працуюць толькі два чалавекі: Улад і ягоны кампаньён — юрыст. У іх няма сакратаркі, і гарбату даводзіцца рабіць самому. Затое ёсць сайт, старонка на фэйсбуку і пляшка Blue Label у шафе. «У мяне не было спецыяльнай медыцынскай адукацыі, а па сутнасці я прадаю медыцынскія паслугі, — працягвае Улад. — Я прадаю не толькі стаматалогію, але і паслугі пластычнай хірургіі, кардыялогіі, неўралогіі. У кожным кірунку ёсць свае аперацыі, свае працэдуры, у якіх трэба разбірацца, каб кліент разумеў, што размаўляе з прафесіяналам. Дзеля самаадукацыі мне нават давялося трымаць у руцэ грудны сіліконавы імплантант. Дарэчы, тэлефануе пластычны хірург, выбачай. — Так, Алег. Прывітанне! Яна не прылятае? Там тая, што з лабіяпластыкай…»

Асноўныя шляхі распаўсюду інфармацыі — гэта інтэрнэт, прамая рэклама або прафесійныя каталогі. «Але ўсё ж такі галоўным каналам нашага прамоўшну служыць сарафаннае радыё, — падсумоўвае Улад. — Мы пільна сочым за нашымі кліентамі, падтрымліваем з імі сувязь, бо менавіта задаволеныя кліенты робяцца нашай жывой рэкламай там.
Усе яны распавядаюць, як яны з’ездзілі, мінімум сваім родным, а звычайна таксама сябрам, калегам на працы, знаёмым, фрэндам у сацыяльных сетках. Таму мы прапаноўваем сістэму бонусаў: тым, ад каго прыязджаюць людзі, мы дорым, напрыклад, чыстку твару, манікюр, педыкюр, спа-працэдуры або нешта іншае. Акрамя гэтага мы распрацавалі шопінг-тур па Менску з падборкай беларускіх брэндаў, якія могуць зацікавіць іншаземцаў».
Напрыканцы Улад распавядае пра свае далейшыя планы — стварыць універсітэцкі курс па медыцынскім турызме, але ўлоўліваць сэнс робіцца цяжка, бо паралельна на лэптопе ён паказвае фотаздымкі з грудзьмі «да» і «пасля».

Зубная імплантацыя

Комплекс працэдур падрыхтоўкі ротавай поласці да аперацыі ўражвае: выдаленне папярэдніх зубоў, сінус-ліфтынг, усталяванне ніжняга імплантанта, усталяванне верхняга імплантанта, зашыванне дзясны, анестэзія. Калі трэба памяняць усю сківіцу, усталёўваюць толькі 6–8 ніжніх імплантантаў, а на іх ставяць ужо тытанавыя пратэзы (тэрмін службы — 15–20 гадоў).

Лабіяпластыка

Аперацыя для змянення плоцевых губаў. Бывае лінейная або клінападобная лабіяпластыка. Аперацыя, пасля якой можна адразу сыходзіць з клінікі, але гадзін 15–20 нельга сядзець.

Павелічэнне/змяншэнне грудзей

Самая папулярная аперацыя ў медыцынскім турызме. Звычайна звяртаюцца жанчыны пасля родаў, якім трэба падцяжка або карэкцыя. Па павелічэнне часцей звяртаюцца жанчыны з першым памерам, але больш за трэці яны не атрымаюць — хірургі не раяць. Прапаноўваюць браць імплантанты французскай фірмы Arion — іх называюць «ламбарджыні» ў сферы імплантантаў. Таксама магчымая рэканструкцыя грудзей пасля аварыі або раку.

Павелічэнне чэлеса

Яго можна падоўжыць, патоўсціць і нават надаць іншую форму. Гэта можна рабіць як сваімі тлушчавымі тканкамі, так і невялічкімі імплантантамі. У MedTravelBelarus — інтымная стрыжка ў падарунак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?