Беларусь з чэрвеня спыніла імпарт нафты з Венесуэлы. Пра гэта ў Мінску 22 чэрвеня журналістам паведаміў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

«Сёлета штомесяц Беларусь імпартавала па 160 тысяч тон венесуэльскай нафты. Але з чэрвеня мы ўжо не атрымліваем нафту з Венесуэлы», — сказаў Сямашка.

Паводле яго слоў, «гэта была сяброўская дапамога, і ў пэўны момант гэтыя пастаўкі былі выгадныя». Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што пастаўкі нафты з Венесуэлы вырашылі шэраг праблем. «І калі б не было гэтых паставак у 2010–2012 гадах, то, напэўна, не было б пагадненняў аб адзіным рынку нафты і нафтапрадуктаў, падпісаных з Расіяй і Казахстанам летась. Я ў гэтым перакананы», — падкрэсліў Сямашка.

Ён адзначыў, што дзейныя нафтавыя пагадненні з Расіяй — «узаемавыгадныя, узаемазначныя, маюць палітычныя і эканамічныя мэты». «Кан’юнктура рынку такая, што танней нафту купляць у Расіі, таму мы перасталі купляць нафту ў Венесуэле», — сказаў Сямашка.

Разам з тым першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што «калі будуць узнікаць рынкавыя сітуацыі, калі запатрабуецца да расійскай нафты атрымаць, у прыватнасці, азербайджанскую нафту, то гэтае пытанне вырашыцца вельмі проста».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?