З мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» без папярэджання звольнены чарговы сябар суполкі незалежнага прафсаюза. У Віталя Пашэчкі двое малых дзяцей.

Спадар Пашэчка кажа, што звальненне для яго стала поўнай нечаканасцю. Загадзя яго не папярэджвалі, а звольнілі «паводле артыкула»:

«За „парушэнне працоўнай дысцыпліны“. А кантракт у мяне дзейнічае да 2014 года. Падставай паслужыла тое, што ў траўні ў мяне было нейкае дысцыплінарнае спагнанне. Мяне ніхто нічога не папярэджваў, у мяне ў траўні ніякіх „залётаў“ не было. Я прыйшоў у ноч на працу, а мне майстар заявіў — зайсці ў аддзел кадраў, маўляў, я звольнены».

Ён кажа, што не ведае ні пра якія дысцыплінарныя спагнанні. Ён кажа, што яму не прапаноўвалі распісацца пад гэтымі спагнаннямі і нават не азнаёмілі з імі. Віталь Пашэчка працаваў люкавым у цэху пагрузкі.

«Дачцэ адзінаццаць месяцаў споўнілася пазаўчора. Будзе падарунак на дзень нараджэння — будзе тата беспрацоўны…»

Спадар Пашэчка кажа, што плануе апратэстоўваць звальненне. Ён перакананы, што яго звольнілі за ўдзел у незалежным прафсаюзе.

Такой думкі прытрымліваецца і кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч:

«Мы бачым, што ўся сістэма, усе суды працуюць на здушэнне чалавека.

І тыя людзі, якія разам з намі выраслі і капаліся ў адной пясочніцы і абралі вось гэты нечалавечы шлях, шлях на здушэнне правоў і свабодаў сваіх суседзяў, сваіх сваякоў, сваіх сяброў, блізкіх, дзеля гэтай сістэмы, пры ўсёй сваёй неправаце адчуваюць сваю беспакаранасць.
Бо гэтая сістэма іх бароніць, як мы пераканаліся ў судах».

***

Напрыканцы 2011 года некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюза. Рабочыя абвясцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства былі звольненыя актывісты прафсаюзу Алег Стахаевіч, Генадзь Паўлоўскі, Мікалай Карышаў. Звольнілі і жонку сакратара незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Людмілу Літвінку, якая працавала на замене дэкрэтнага адпачынку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?