Якуб Конан (злева) у Польскім войску.

Якуб Конан (злева) у Польскім войску.

Ён пахаваны 21 чэрвеня на могілках каля мястэчка Беразінскае ў Маладзечанскім раёне, дзе ён жыў апошнія гады. Яму было 99 гадоў.

Вайскоўца пахавалі 21 чэрвеня у ганаровым месцы — каля самай царквы. На жалобе прысутнічаў ваенны аташэ пасольства Польшчы ў Беларусі. Ніхто з прысутных на пахаванні не захацеў паехаць на могілкі — усе ішлі пешшу.

— Было прыемна, што вайсковы аташэ прывёз вельмі прыгожы вянок з уплеценым бел-чырвоным польскім сцягам, — распавядае гісторык Барыс Бароўскі. — Ён прысутнічаў на богаслужэнні ў Гарадзілаўскай царкве і на жалобным стале, па ўсім былі бачныя вельмі паважлівыя адносіны да нябожчыка. У сваёй прамове вайсковы аташэ сказаў, што Польшча і далей прапаноўвае грашыма падтрымліваць сям’ю Якуба Конана. А калі апускалі труну, то аддаў чэсць жаўнеру польскага войска.

Якуб Конан памёр каля 11 раніцы 20 чэрвеня. Паводле слоў Барыса Бароўскага, апошнія гады ў вайскоўца было няважнае здароўе, але аб ім клапаціліся сын і нявестка, ды і ўсе жыхары мястэчка вельмі шанавалі салдата.

* * *

Якуб Конан — нарадзіўся 28 сакавіка 1913 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Міхалова (цяпер — Маладзечанскі раён).
У 1936–37 адбываў службу ў Войску Польскім. У 1939-м удзельнічаў у абароне Львова. Ад 1939 — у савецкім палоне, з якога вызвалены ў 1941 як польскі грамадзянін. Пасля гэтага залічаны ў склад палка лёгкай артылерыі 5-й пяхотнай дывізіі арміі пад камандаваннем генерала Андэрса. Узнагароджаны Памятным крыжам Монтэ Касіна [мясцовасць у Італіі, дзе ў маі 1944 г. адбылася зацятая бітва: жаўнеры Армія Андэрса, дзе было багата беларусаў, штурмавалі нямецкі бастыён — НН], медалямі. Ён належаў да «групы супраціву» — польскіх жаўнераў, якія адмаўляліся дэмабілізоўвацца і вяртацца на радзіму, бо лічылі, што павінны змагацца далей. Дэмабілізаваўся толькі ў 1948 годзе. На радзіме ў 1951 годзе арыштаваны і дэпартаваны ў Іркуцкую вобласць разам з жонкай і пяцімесячным сынам.
У 1958 яго вызвалілі, але выдалі ваенны білет, у якім адзначылі, што ён ў Вялікай Айчыннай вайне не ўдзельнічаў.

***

Пра Монтэ-Касіна Якуб Конан згадваў:

«Забыць такое немагчыма. Я быў у палку лёгкай артылерыі. Перад намі выступіў англійскі генерал і сказаў: „Салдаты, вы не ведаеце, што чакае вас у гэтую ноч… У многіх дамах не дачакаюцца сыноў, братоў… З Богам!“.

Гэта была ноч на 10 мая 1944 года, калі ў ваколіцах горада цвілі чырвоныя макі. Гітлераўцы ўмацаваліся ў гарах, іх пазіцыя была больш зручная. Мы ж знаходзіліся на раўніне. Артпадрыхтоўку праводзілі толькі ноччу, пушкі закопвалі ў зямлю. У гэтую ноч я выпусціў з пушкі каля 800 снарадаў. Ствалы награваліся так, што на іх лілі халодную ваду, каб астудзіць. Горад быў поўнасцю спалены. Пасля таго, як нашыя танкі абышлі ворага з тылу і пайшлі на варожыя пазіцыі, наступіў карэнны пералом у баі. Нам удалося захапіць у палон камандуючага фронтам. Хоць і з вялізнымі стратамі і ахвярамі, перамогу мы ўсё ж вырвалі. Там мы і сустрэлі перамогу. Званілі ўсе касцёлы! Чуліся крыкі радасці, гучалі мірныя стрэлы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?