23 чэрвеня на пашыраным сойме з удзелам патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў Партыя БНФ разгледзела пытанне аб выбарах 2012 году ў Беларусі.
На сойме прынятае рашэнне аб скліканні з’езду, які мае вылучыць кандыдатаў ад партыі на парламенцкія выбары.Таксама на сойме вылучаны прадстаўнікі Партыі БНФ у акруговыя выбарчыя камісіі і ў назіральнікі ў Цэнтравыбаркам.
Сойм праходзіў у Мінску за зачыненымі ад журналістаў дзвярыма.
Вырашана, што нечарговы з’езд Партыі БНФ збярэцца 4 жніўня дзеля вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Сойм пагадзіўся, што няма падставаў для таго, каб пераглядаць папярэдняе рашэнне аб вылучэнні і зняцьці кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ. У выпадку нейкіх істотных зменаў сітуацыі з’езд 4 жніўня можа прыняць канчатковае рашэнне. Пра гэта паведаміў карэспандэнту «Свабоды» старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
«Самая вялікая дыскусія была па фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Па выніках дыскусіі, у якой узялі ўдзел як сябры сойму, так і патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, было вырашана, што
на сённяшні момант няма падставаў пераглядаць папярэдняе рашэнне аб тым, што мы вылучаем кандыдатаў і здымаем іх перад пачаткам датэрміновага галасавання.Нашы ацэнкі закладзеныя ў рашэнні, якое прымалася ў студзені. Гэта наяўнасьць палітвязняў і неўключэньне нашых вылучэнцаў у склад выбарчых камісій».
Партыя БНФ ужо мае 38 сваіх патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якія пацвердзілі сваё жаданьне балатавацца. Яшчэ сямёра сяброў партыі могуць схіліцца да гэтага.Таму спадар Янукевіч мяркуе, што да нечарговага з’езду гэтая лічба зменіцца. Сам ён плануе вылучацца па
Спадар Янукевіч адзначае, што ўжо сёння можна казаць, што гэтая выбарчая кампанія не будзе дэмакратычнай, свабоднай і справядлівай, яна будзе моцна абмежаванай. Як ставіцца Партыя БНФ да абвешчанага некаторымі партыямі байкоту выбараў? Паводле спадара Янукевіча, сёння пазіцыя амаль аднадушна пацверджаная:
«Байкот — гэта самая горшая тактыка, якая можа быць у цяперашняй сітуацыі. Схіляцца да байкоту ці гаварыць пра байкот — гэта папросту браць паўзу ў сваёй палітычнай дзейнасці да моманту заканчэння выбарчай кампаніі.Мы якраз не бачым сэнсу і лічым, што час зручны дзеля таго, каб папрацаваць з грамадствам, скарыстаць дадатковыя магчымасці. А магчымасці для байкоту не было і на сёння выглядае, што як палітычная дзейнасць — гэта тупік».
На сойме вызначалася перадвыбарчая платформа партыі на бліжэйшыя выбары. Юры Чавусаў мяркуе, што дыскусія па гэтым пытанні гэтым соймам не скончыцца:
«Апроч праграмных палажэнняў Партыі БНФ у перадвыбарчай платформе, безумоўна, будуць пытанні, якія з’яўляюцца грунтам для ацэнкі гэтых выбараў. Гэта пытанне вызвалення палітвязняў, у тым ліку гэта абуральная сытуацыя з гродзенскім журналістам Пачобутам, гэта пытанне допуску прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі».
Чаму сойм быў зачыненым для журналістаў? Рыгор Кастусёў патлумачыў: «Спрэчкі былі сур’ёзныя.
Без журналістаў многія сябры сойму выказваліся больш смела».