Паслугамі кампаній мільянера Юрыя Авяр’янава карысталіся многія мінчукі, часам і не здагадваючыся пра гэта.

Аўтарынак у Малінаўцы, будаўнічы рынак ва Уруччы і рэчавы каля «Дынама» ў 1990-я і 2000-я былі ў пашане ў старэйшага пакалення. Маладзейшыя хадзілі ў клубы «Бліндаж» і Madisson Club, а зусім маленькіх бацькі вадзілі ў парк атракцыёнаў «Дрымлэнд».
Некалькі гадоў таму Авяр’янаў уваходзіў у дзясятку самых багатых бізнэсоўцаў Беларусі. Цяпер у рэйтынгу газеты «Ежедневнік» ён знаходзіцца на 13-м месцы.

Юрый Авяр'янаў.

Юрый Авяр'янаў.

Таццяна Авяр'янава, жонка мільянера.

Таццяна Авяр'янава, жонка мільянера.

Бізнэсовец з дачкой Наталляй.

Бізнэсовец з дачкой Наталляй.

Як Авяр’янаў зарабіў свае першыя грошы? Пра пачатак прадпрымальніцкай кар’еры, якая стартавала яшчэ ў 1987 годзе, ён любіць расказваць маладым бізнэсоўцам. Па словах Авяр’янава, працуючы ў сістэме сельскага будаўніцтва, ён арганізоўваў брыгады рабочых-шабашнікаў У вольны ад асноўнай працы час яны будавалі кароўнікі і свінарнікі, а заадно рэстаўравалі цэрквы і касцёлы. Імя і пэўныя грошы ён гэтым і стварыў.

Рынкі ўсіх профіляў

На вяршыні беларускага бізнэсу Авяр’янаў ускочыў у 1991 годзе, калі пасярод сталіцы, на стадыёне «Дынама», адкрыўся ягоны рэчавы рынак. Гандлёвыя месцы там арандавалі больш за дзве тысячы чалавек. Але гэта была дробязь у параўнанні з ягоным чарговым праектам.

У 1994 годзе ён пралабіраваў у Мінгарвыканкаме ідэю пераносу стыхійнага аўтамабільнага рынку на стадыёне «Лакаматыў» (вуліца Варанянскага) за межы горада.
Новаствораны рынак у Малінаўцы з цягам часу стаў найбуйнейшым на тэрыторыі краіны і дагэтуль расце. Цяпер Мінгарвыканкам прымушае Авяр’янава зрабіць гандаль «цывілізаваным» — загнаць прадпрымальнікаў пад дах новапабудаванага цэнтра «Гандлёвы свет Колца». Мільянер падтрымлівае ідэю, бо гэта дазволіць падняць арэндную плату, затое некаторыя прадпрымальнікі ўсё яшчэ супраціўляюцца пераезду.

Праз чатыры гады пасля Малінаўкі Авяр’янаў стварыў і трэці рынак. На супрацьлеглым канцы горада, ва Уруччы, на месцы армейскіх казармаў паўсталі намёты і кіёскі з будаўнічымі матэрыяламі.

Высокапастаўленых заступнікаў у бізнэсоўца не было — сам

Авяр’янаў неаднаразова падкрэсліваў у інтэрв’ю, што вырас у дзіцячым доме.
«Я ўсё сваё жыццё сам прабіваў сабе дарогу. У мяне жалезная загартоўка з дзяцінства, і таму ўсе мае праекты, якія першапачаткова іншымі ацэньваліся як правальныя, сёння паспяхова рэалізаваныя», — казаў ён.

У міжнародным вышуку

Рынкі далі Авяр’янаву першыя мільёны, але і прынеслі гіганцкія непрыемнасці. У пачатку 2000-х на лаве падсудных аказаліся шасцёра кіраўнікоў аўтамабільнага рынку.

Сёмы, як паведамляла тагачасная прэса, трапіў у міжнародны вышук. Гэта і быў Юрый Авяр’янаў.
Аднойчы даўшы паказанні следству, ён выехаў за межы краіны.

Следства спрабавала даказаць, што кіраўніцтва рынку брала ад прадпрымальнікаў грошы за права мець гандлёвыя пункты. Сотні тысяч даляраў ішлі міма падатковых інспекцый. У выніку ж кіраўнікі рынку атрымалі 3–3,5 года «хіміі», а некаторыя нават штрафы.

Справа Авяр’янава разглядалася асобна, і віны бізнэсоўца не выявілі.

Клубны і водны магнат

Да таго часу ён ужо пакаштаваў жыццё за мяжой. «Я спрабаваў каля двух гадоў жыць у Амерыцы. Але вярнуўся, — расказваў Авяр’янаў — У Беларусі больш перспектываў ва ўсім, не толькі ў бізнэсе». Пасля вяртання мільянер стаў яшчэ шчыльней развіваць забаўляльны кірунак свайго бізнэсу Адкрыўшы некалькі клубаў, рэстаранаў і дыскатэк, ён стварыў у Мінску першы боўлінг-клуб. Сярод ягоных брэндаў — Madisson Club, «Бліндаж», «Афрыка», U2. Усе яны кантралююцца авяр’янаўскай кампаніяй «Інтэкс». Дарэчы,

раней яе дырэктарам быў Алег Піткевіч, які цяпер разам з партнёрамі з Расіі адкрыў у Мінску самы модны і дарагі клуб горада DoZari.

У гісторыю горада Авяр’янаў трапіў і як заснавальнік першага прыватнага парку атракцыёнаў «Дрымлэнд» (ЗАТ «Ростэм»). У парку была ўведзеная новая сістэма аплаты — даволі дарагі ўваходны білет, які дазваляў катацца на атракцыёнах без абмежаванняў хоць цэлы дзень.

Мяркуецца, што сёлета побач з «Дрымлэндам» можа адкрыцца аквапарк коштам каля $40 мільёнаў, а праз некалькі гадоў і дэльфінарый.

Нерэалізаваныя ідэі

Аднак паразуменне з уладамі было ў бізнэсоўца не заўсёды. Цяпер, фактычна, прабуксоўвае ягоная ідэя будаўніцтва некалькіх дзясяткаў паркінгаў у сталіцы.

А некалькі гадоў таму яму, як і астатнім мільянерам, дзяржава навязала стратныя калгасы.
Авяр’янаву дастаўся СПК на Вілейшчыне, куды давялося ўкласці каля $6 мільёнаў. З гэтай гісторыяй звязаная яшчэ адна крыўда на чыноўнікаў. На беразе Вілейскага вадасховішча ён прапанаваў пабудаваць першы ў краіне вялікі кемпінг, які б мог прымаць да 10 тысяч турыстаў штогод. Быў нават знойдзены інвестар, гатовы выдзеліць $30 мільёнаў. Але
мясцовыя чыноўнікі абламалі гэтую ініцыятыву: маўляў, займайся сельскай гаспадаркай.

Другое пакаленне Авяр’янавых

Авяр’янаў мае вялікую сям’ю — трох дачок і сына. Пад іх кантроль патроху пераходзяць некаторыя кірункі бізнэсу. Напрыклад, дачка Вікторыя, якая ў 2010 годзе ўвайшла ў спіс «Топ-50 паспяховых і прыгожых людзей Мінска», цяпер узначальвае кампанію «Інтэкс». У яе падначаленні ўсе клубы і рэстараны сям’і. Другая дачка, Наталля, — генеральны дырэктар кампаніі «Авеньютон», якая займаецца продажам адзення на бацькавым аўтарынку.

Свой бізнэс мае і жонка мільянера. Цырульніца па прафесіі, Таццяна Авяр’янава валодае дарагім салонам прыгажосці «Лэдзі Гадзіва».

Мільянер уклаў у адукацыю дзяцей немалыя грошы, яны вучыліся ў ЗША і Італіі. Цяпер, атрымаўшы патрэбныя веды па вядзенні ўласнай справы, Авяр’янавы могуць стаць самай масавай бізнэс-дынастыяй краіны.

* * *

Папярэднія «гісторыі поспеху» беларускіх мільянераў:

Павел Тапузідзіс

Аляксандр Машэнскі

Аляксандр Шакуцін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?