Сяргей Гайдукевіч у інтэрв’ю сайту bsblog.info заявіў, што ягоная партыя на парламенцкіх выбарах 23 верасня гатовая выставіць кандыдатаў па ўсіх акругах. Сам лідар ЛДПБ не мае намеру балатавацца.

«Выбараў у краіне няма. Іх проста тупа няма. І сур’ёзным палітычным партыям, якія налічваюць дзясяткі тысяч чалавек, патрэбна прымаць сур’ёзныя рашэнні, а не расказваць людзям казкі», — казаў Гайдукевіч.
Быў раскрытыкаваны Аляксандр Мілінкевіч, Рух «За Свабоду» якога не вылучае сваіх кандыдатаў. Гайдукевіч лічыць, што ў Руху проста няма людзей.

Лідар ліберал-дэмакратаў запэўнівае, што ўжо сёння мае спіс людзей, якія перамогуць на парламенцкіх выбарах. Адзначана, што кандыдаты ад партыі будуць казаць, што выбараў няма і «пераможа такі прадстаўнік улады».

Гайдукевіч выпусціў шмат крытычных стрэлаў у адрас апазіцыі. «У апазіцыі як не было адзінага лідара, так і няма. Кожны лічыць сябе джокерам». Атаясамліваць сябе з дэмакратычнай апазіцыяй Гайдукевіч не хоча, хоць таксама называе сваю партыю апазіцыйнай да ўлады.
На пытанне, ці трапіць апазіцыю ў палату прадстаўнікоў, быў на наступны адказ: «Трызненне нейкае. Усе акругі ўжо распісаныя».

«Сурыкаў — разумнейшы чалавек, ён проста агучыў тое пра што казалі ў Маскве. Напрыклад, што будзе адзіная валюта — 100%. Беларусь і Казахстан не хочуць расійскі рубель, але ўсё да гэтага ідзе», — зазначыў Гайдукевіч.

«Лукашэнка будзе заставацца пры ўладзе колькі захоча, — лічыць старшыня ЛДПБ. Пры гэтым дадае, што ў 2015 Лукашэнка удзельнічаць у выбарах ужо не будзе. — Аляксандр Рыгоравіч можа пагадзіцца на пасаду генсака Еўразійскага саюза».
«Я збіраюся выйграць наступныя выбары», — самаўпэўнена кажа Гайдукевіч.

Сяргей Гайдукевіч быў спарынг-партнёрам Лукашэнкі на прэхідэнцкіх выбарах 2001 і 2006. У 2010 зняўся з выбараў перад здачай подпісаў. Некалькі разоў праходзіў у парламент, але ў апошняе скліканне палаты не патрапіў, як і ніводзін з ягоных партыйцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?