Цёплы клімат, урадлівая зямля і працавітасць мясцовых жыхароў дазваляюць не толькі свае патрэбы задаволіць у прадуктах земляробства, але і на экспарт адправіць сотні гружаных салодкім таварам машын.

У вёсцы Дварэц Лунінецкага раёна рынак клубніц (трускавак) размясціўся наўпрост на трасе. Паабапал дарогі стаіць безліч машын — тут і фуры, і мікрааўтобусы, і легкавікі. Мясцовыя жыхары нясуць перакупшчыкам свой прыгожы тавар вёдрамі.

— Завіце мяне Джон — гэта па-вашаму, — гаворыць прыветлівы азербайджанец каля машыны з расійскімі нумарамі. Расказвае, што клубніцы купляе, каб потым завезці іх на Маскву.

Пра прыбытковасць гэтага бізнесу перакупшчыкі асабліва не хочуць распавядаць. Адказы амаль ва усіх неканкрэтныя — “як атрымаецца, раз на раз не прыходзіцца”.

Інтэрнэт паказвае, што цяпер у Маскве кілаграм клубніц каштуе 40-90 расійскіх рублёў. То бок 8 000—18 000 беларускіх рублёў. Клубніцы -- тавар далікатны. Сёння купілі, заўтра ранкам мусіць ужо быць на прылаўку.

Цяпер клубніцы скупляюць па 12-14 тысяч за кілаграм.
Спадарыня Тамара збірае ўраджай ягады на дзялянцы побач з рынкам. Гаворыць, што яшчэ тыдзень таму клубніцы скуплялі па 8 тысяч беларускіх рублёў за кілаграм.

Жанчына працуе ветэрынарам у мясцовым саўгасе. Гаворыць, што клубніцы — гэта магчымасць дадатковага заробку:

— Я зарабляю ў саўгасе 1,3 мільёна рублёў. А ў мяне дзве дачкі — адна ўжо вучыцца ва універсітэце, хутка і другая паступіць.

Муж спадарыні Тамары не працуе ў саўгасе, а ездзіць на заробкі ў Расію. У гэты дзень ён разам з жонкай выбіраў клубніцы на дзялянцы.

— Вы пра смецце раскажыце абавязкова! — абурана просіць мужчына. — Паглядзіце вакол, колькі смецця пакідаюць пасля сябе гэтыя гандляры! Ніхто не прыбіраецца. Кіраўніцтва саўгаса быццам бы выдзеліла пару чалавек, які напрыканцы дня трохі прыбіраюць тут. Але колькі яго разлятаецца па ваколіцы!

Узбочыны дарогі сапраўды засмечаныя — валяюцца паламаныя скрынкі, папера.

Пытаюся, колькі ж зарабляюць на клубніцах мясцовыя жыхары?

— Цяпер ягады адыходзяць, а крыху раней прадавала па пяць вядзёр у дзень. Але ёсць і такія, што па пяцьдзесят прывозілі. Дык канешне заробкі нашы адрозніваюцца!

О, у нас ёсць людзі, у якіх па 30-50 сотак клубніцамі засаджана! — дзеліцца інфармацыяй пра аб’ём таваразвароту Тамара

У Лунінецкім раёне клубніцы — першыя ў чарзе экспартнага прадукту. Іх пестуюць — укрываюць ад маразоў спандбондам дзесяткі сотак, бо гарантыя ўраджаю — гэта не жартачкі.

Мясцовыя жыхары расказваюць, што яшчэ два тыдні таму яны мелі на стале “другі хлеб” новага ўраджаю. Цяпер клубніцы адыходзяць, на чарзе — бульба на экспарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?