Заўтра, 26 чэрвеня, Аксана Пачобут мае гадзіннае спатканьне з мужам у гарадзенскай турме. Сёньня дазвол падпісаў сьледчы Арсені Нікольскі.

Аксана Пачобут кажа, што дазвол на размову яна атрымала і на дзяцей. Старэйшую дачку возьме пэўна, а вось меншага хлопчыка, якому толькі два гады і чатыры месяцы, — у залежнасьці ад таго, як ён заўтра будзе сябе адчуваць.

Аксана Пачобут: «Там у іх вызначаны час, там ня тое, што прыходзіш, калі захочаш. Прыходзяць адразу некалькі чалавек, і гэта хутчэй не сустрэча, а папросту размова праз шкло праз краты і па тэлефоне».

Сустрэча прызначана на 9-ю гадзіну раніцы. А вось што яна будзе казаць мужу, Аксана не сказала.

25 чэрвеня адмысловую заяву ў справе Андрэя Пачобута прыняло Галоўнае праўленьне не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. Пачобут — кіраўнік Галоўнае рады арганізацыі. Старшыня СПБ Анжаліка Арэхва зазначыла «Свабодзе», што ўсе сябры арганізацыі абураныя арыштам.

Арэхва: «Мы абураныя гэтым арыштам і дамагаемся, каб з Андрэя зьнялі ўсе абвінавачаньні і выпусьцілі з турмы. Мы таксама зьвярнуліся і да міжнародных арганізацый, каб яны дапамаглі ў справе вызваленьня нашага сябра».

Сябра праўленьня СПБ Мечыслаў Яскевіч зьвяртае ўвагу на тое, што заяву арганізацыя прыняла толькі пасьля таго, як зьявілася афіцыйнае абвінавачваньне Пачобуту. Ён распавядае, што і грамадзкасьць Польшчы, і СМІ гэтай краіны вельмі актыўна абмяркоўваюць арышт Пачобута.

Яскевіч: «Вось у мяне ўсе гэтыя дні тэлефон разрываецца. Тэлефануюць, пытаюцца — што з Андрэем? І дзе ні пайду, то знаёмыя запыняюць і пытаюцца. І з Польшчы ўвесь час тэлефануюць, бо людзі там чытаюць газэты, і ў інтэрнэце ў іх вельмі шмат пра гэта пішуць».

Праваабарончая арганізацыя «Вясна» зьмясьціла на сваім сайце заяву з патрабаваньнем да беларускіх уладаў вызваліць Андрэя Пачобута. Кажа гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч:

Хільмановіч: «Вясна» лічыць сваім абавязкам выступіць з асобнай заявай у дадзеным выпадку. Гэта сыстэмны перасьлед канкрэтнага журналіста, а таксама прадстаўніка нацыянальнай меншасьці. А «Вясна» заўсёды востра рэагуе на праяву такой дыскрымінацыі паводле прафэсійнай і нацыянальнай прыналежнасьці».

У сувязі з сытуацыяй вакол затрыманьня карэспандэнта польскай «Газэты выборчай» Андрэя Пачобута і міжнароднай рэакцыяй на гэту падзею МЗС Беларусі нагадала польскім уладам аб прынцыпе вяршэнства закону.

У камэнтары нагадваецца, што Пачобут «зьяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь» і, «як любы іншы беларускі грамадзянін, знаходзіцца ў прававым асяродзьдзі, вызначаным беларускім заканадаўствам». «У Беларусі ўсе грамадзяне, незалежна ад іх прафэсійнай дзейнасьці і нацыянальнай прыналежнасьці, роўныя перад законам», — сьцьвярджае прэс-служба ведамства.

Андрэя Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня ў ягонай кватэры, супраць яго завялі крымінальную справу і вінавацяць паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзыдэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу».

Паводле Крымінальнага кодэксу журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін.

5 ліпеня 2011 году Ленінскі суд Горадні вынес рашэньне, згодна зь якім Пачобут быў апраўданы паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?