Ужо ўсе, хто хацеў, адпісаліся пра Дзень Волі. Хтосьці — рамантычна ("жыве дух Плошчы!"), хтосьці — зьедліва і з пэсымізмам ("марш асуджаных", "беларуская апазыцыя памерла ўжо".)

А я вось усё думаю: ну чаму ва ўлады быў такі неадэкватны страх?

Здавалася б, ніякай рэвалюцыяй ня пахне. Дык пусьці ты іх на тую плошчу — хай памітынгуюць на радасьць Эўропе ды разыдуцца па дамах! Гэта ж колькі ачкоў можна было зарабіць адным махам у тога Брусэлю!

Але ж — палохалі, зачышчалі, прэсынгавалі ў лепшых традыцыях рэпрэсыўнага жанру. Хіба што без асаблівай жорсткасьці.

Зь іншага боку — гэты ідэалягічны цырк з альтэрнатыўнымі імпрэзамі, на якія публіку заганялі паводле разнарадкі.

Карацей, паставілі на вушы палову краіны. І тым самым насуперак жаданьню дэманізавалі палітычных апанэнтаў. Пэўна, у многіх абываталяў варухнулася думка: мусіць, страшная сіла ў той апазыцыі, калі гэтак вылузваецца са скуры ды шчэрыць зубы бюракратычна-рэпрэсыўны Левіяфан!

Між тым згадайма, як летась бушавала вуліца ў Будапэшце, патрабуючы адстаўкі прэм'ера. Дарэчы, нядаўна, акурат на іхні Дзень Волі:) там зноў бунтавалі. Дый супраць палітыкі Буша вунь якія маніфэстацыі, паглядзеце (рэкамэндую БТ:) — нашым аб'яднаным дэмакратычным сілам такі размах і ня сьніўся!:)

Але нешта не відно, каб гэтыя пэрыпэтыі так ужо азмрочвалі існаваньне вугорскаму прэм'еру Дзюрчаню ці прэзыдэнту Бушу, каб нават даволі масавыя пратэсты змушалі ўладныя вярхі да неадэкватных, нэрвовых захадаў.

Увогуле для заходніх дзеячаў разьвітаньне з уладай ня ёсьць сынонімам жыцьцёвай катастрофы, расплаты, палітычнай сьмерці. Там працуе адна простая рэч — мэханізм ратацыі кіроўных элітаў. І дзейныя лідэры ведаюць: абы толькі злачынстваў не нарабіць — і будуць спакойна жыць да скону ў роднай краіне пры любой кіроўнай камандзе.

Ну а тут у вярхох сёньня... ня тое каб бралі дрыжыкі, хутчэй пануе складанае пачуцьцё — страх паказаць страх.

Так, страшна паказацца слабым. Па-першае, слабых зьядаюць свае ж. Па-другое, пры ўсіх заклінаньнях пра народны характар улады, недзе ў падсьвядомасьці сядзіць экзыстэнцыйны жах менавіта перад народным бунтам, бессэнсоўным і бязьлітасным.

Бо добра ж вядома, чаго вартыя бутафорскія інстытуцыі. Гэта на гнілым Захадзе партыі, прэса, парлямэнт, трэці сэктар каналізуюць незадаволенасьць, дапамагаюць вырашаць грамадзкія супярэчнасьці ў цывілізаваных формах. А тут — амаль што ніякіх кляпанаў дзеля выпусканьня пары. Ніякіх нармалёвых мэханізмаў зваротнай сувязі. І які насамрэч ціск пары ў катле — чорт яго ведае! Таму і страшна кожны раз, калі пачынаецца нейкае найменшае палітычнае варушэньне.

Гэтая палітычная сыстэма заражаная страхам, як старая апэрацыйная сыстэма вірусам. Яна будзе тармазіць усё болей. Усё адно давядзецца ставіць новую вэрсыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?