У ваенным парадзе ў Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ў Мінску возьмуць удзел звыш 5,5 тысячы чалавек, 220 адзінак тэхнікі і 35 паветраных суднаў.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня паведаміў ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных сіл Беларусі Анатоль Грыцаў.

Паводле яго слоў, у пешых парадных разліках перад трыбунамі пройдуць 3.700 чалавек. Сярод іх будуць выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, курсанты Ваеннай акадэміі ў франтавой форме. У парадзе таксама будуць удзельнічаць прадстаўнікі Узброеных сіл Расіі — падраздзяленне 76-йпаветрана-дэсантнай дывізіі (Пскоў). Пройдуць парадныя разлікі афіцэраў Ваеннай акадэміі, курсантаў ваеннага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, курсантаў Ваеннай акадэміі, 86-й брыгады сувязі, органаў пагранічнай службы, МУС, МНС, 38-й і 103-й гвардзейскіх асобных мабільных брыгад.

З плац-канцэртам выступіць зводная рота ганаровай варты ў складзе 128 чалавек.

«Распрацавана вельмі тэхнічна складаная праграма для выступлення роты, вельмі складаныя прыёмы са зброяй. Таму я спадзяюся, што відовішча будзе дастаткова маляўнічым і новым для гледачоў», — адзначыў Грыцаў.

Сярод навінак тэхнікі, паводле яго слоў, будуць паказаны лёгкія бранаваныя аўтамабілі кітайскай вытворчасці, закупленыя для сіл спецыяльных аперацый, а таксама ўпершыню будзе прадэманстраваны публіцы зенітны ракетны комплекс «ТОР М2».

У паветры гледачы ўбачаць верталёты Мі-8, Мі-2, Мі-24, самалёты Су-25, МіГ-29, Су-27, Л-39 і транспартны ваенны самалёт Іл-76.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?