На гэтым сайце змешчана гутарка святара Вадзіма Кузьміча з ягоным начальнікам — архіяпіскапам Наваградскім і Лідскім Гурыем. Тым самым уладыкам, які прапанаваў кананізаваць мітрапаліта Іосіфа Сямашку.

Змешчанае на сайце Наваградскай епархіі інтэрв’ю мае загаловак «О ювенальной юстиции, способствующей разрушению семьи и государственности. Попытки возрождения униатства в Беларуси». Вось такое асарці.
А паміж гэтымі дзвюма тэмамі ўладыка выказваецца наконт гомасэксуалізму і аднаполых шлюбаў.

Праўду сказаўшы, я так і не зразумеў, якія канкрэтныя палажэнні еўрапейскай ювенальнай юстыцыі не задавальняюць уладыку Гурыя, чаму яна характарызуецца як «продуманная мизантропическая система», накіраваная на разубрэнне сям’і. Архіяпіскап не паказаў і не даказаў нам, што ювенальная юстыцыя «подрывает общество на корню».

Ёсць у мяне падазрэнне, што архіяпіскап Гурый, мякка сказаўшы, не спецыяліст у галіне ювенальнай юстыцыі і нічога канкрэтнага сказаць не можа. Бо як можна з еўрапейскай ювенальнай юстыцыі… выводзіць садомскі грэх, мужчынскі гомасексуалізм.
Адзначыўшы, што ў пытаннях аднаполых шлюбаў далёка прасунулася Швецыя, архіяпіскап Гурый кажа:

«Здесь с энтузиазмом обсуждают новые стандарты „гендерного нейтралитета“, решив, что не будут больше терпеть различий между полами даже на обыденном уровне. В этой стране родители (муж і жонка? — А. С.) поставлены уже в такие рамки, что считают за лучшее завести собачку, чем ребенка, иначе можно попасть под прицел ювеналов, а значит, и в тюрьму. Вот такие следствия введения ювенальной юстиции… А физиологические законы все равно ведь срабатывают, потому люди и беснуются: не семьи создают, а содомскую нечисть».

Вось такая логіка. Мужчына і жанчына, жывучы ў шлюбе, баяцца завесці дзіця, заводзяць сабачку і пачыначаюць займацца аднаполым каханнем.

Ад гейскага пытання свяшчэннаслужыцелі РПЦ раптам пераходзяць да тэмы Уніі.
І тут наваградскі архірэй дэманструе не меншую кампетэнтнасць, чым у пытаннях ювенальнай юстыцыі і прыроды гомасексуалізму.

Уладыка Гурый расказвае страшную гісторыю. Аказваецца, што ў адзін і той самы дзень у Лідзе адкрывалі праваслаўную выстаўку і прэзентавалі кнігу Лявона Лаўрэша «Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне». Вось яна, «жахлівая гісторыя»:

«Недавно в Лиде поразились бесстыдству священников-униатов: поправ все правила приличия, они во время открытия православной выставки „Единение. Семья. Отечество“ рядом в музее расположили свою выставку и даже устроили презентацию брошюры некоего местного убежденного униата о греко-католической (униатской) церкви.
Но больше всего людей возмутило то, что новоявленные „проповедники“ были в облачении православных священников с православными же крестами! Факт просто возмутительный: пользуясь доверчивостью людей, они обманом завлекали их в свое лоно!».

Спачатку пра словаўжванне. У гэтай гісторыі мяне пацешыла слова «лоно». «Лоно» (улонне) ёсць у Маці-Царквы і ў… жанчыны. Ну, ніяк грэка-каталіцкія святары не маглі заманьваць людзей «в свое лоно».

Цяпер пра дакладнасць. Кнігу на 127 старонак назваць брашурай можа толькі дэзынфарматар ці злоснік.

Цяпер пра кампетэнтнасць. Цытую зноў: «Но больше всего людей возмутило то, что новоявленные „проповедники“ были в облачении православных священников с православными же крестами! Факт просто возмутительный…»

Цікава, хто вучыў уладыку Гурыя? Даслужыцца да такой высокай пасады ў РПЦ і не ведаць, што яго Царква не валодае манаполіяй на праваслаўнасць, не ведаць, што грэка-католікі таму і «грэка», а не «рыма», што ў аблачэнні духавенства, у набажэнствах, святах і г. д. яны захоўваюць вернасць традыцыям Рускай (Кіеўскай) Царквы, якая прыняла святы хрост ад грэкаў, — не ведаць усяго гэтага архірэю, настаўніку святароў, прост недаравальна.

Раз ужо ўладыка, асоба з вышэйшай духоўнай адукацыяй, дэманструе такую «кампетэнтнасць», дык што можна чакаць ад тых святароў, якія нават семінарыю не скончылі?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?