Сёлета ў Беларусі больш за тысячу чалавек былі прыцягнутыя да адказнасці за распіванне спіртных напояў ці з’яўленне ў п’яным выглядзе ў месцах масавага адпачынку.
Пра гэта паведаміў старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Алег Ярашэнка 26 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, за дробнае хуліганства ў месцах масавага адпачынку да адказнасці прыцягнуты 183 чалавекі, за парушэнні па лініі ДАІ — амаль 600. Таксама шэраг грамадзян былі прыцягнутыя да адказнасці за купанне ў забароненых месцах. Сёлета гэта «зусім невялікая лічба», паколькі дзён, спрыяльных для купання, было мала, адзначыў прадстаўнік МУС. Па выніках аналагічнага перыяду мінулага года да адказнасці за купанне ў забароненых месцах былі прыцягнутыя 356 чалавек. За гэта парушэнне прадугледжаны штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь.

Як адзначыў Ярашэнка, нарады міліцыі стараюцца ўлічыць усе акалічнасці парушэння і ў многіх выпадках не штрафуюць грамадзян, а толькі папярэджваюць іх пра недапушчальнасць якіх-небудзь дзеянняў.

Напрыклад, калі людзям, якія распіваюць у кампаніі моцныя алкагольныя напоі, як правіла, прызначаюць штраф, то тых, хто прыйшоў на пляж з півам, галоўным чынам папярэджваюць.

Паводле слоў прадстаўніка МУС, у афіцыйных зонах адпачынку ўстаноўлены інфармацыйныя стэнды па прадухіленні правапарушэнняў. На іх указаны тэлефоны міліцыі, парадак размяшчэння парковак аўтатранспарту, правілы паводзін на вадзе, інфармацыя пра забарону на купанне ў тых ці іншых месцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?