Пакуль вясной у сталіцы вядуцца рамонтныя работы сістэмы водазабеспячэння і некаторыя мінчукі пакутуюць без гарачай вады, жыхар вёскі Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна Аляксандр Манюк дастае са свайго калодзежа кіпень.

Раніцай 10 сакавіка ён знайшоў у сваім калодзежы гарачую ваду.

Аляксандр Манюк: «Ну, раніцай устаў. Стаў даставаць вядро, адкрыў накрыўку — пара павярнула, як з коміна дым. Выцягнуў — цёплая вада. Да суседкі прыйшоў па ваду. Яна кажа: «Ёсць свой калодзеж». Так вось, смехам. Я кажу: «Ёсць, дык гарачая вада». Яна пайшла паглядзела — праўда. Мая чыстая вада была, як цёплая. Я гэтай вадой посуд мыў на дварэ, праў. Чатыры дні пабыла і астыла».

Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў вызначыла, што тэмпература вады там была 50‑60 градусаў. Аднак знайсці прычыну такой анамаліі не ўдалося дагэтуль. Гаворыць намеснік гендырэктара Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Белгеалогія» Яраслаў Грыбік, які выязджаў на месца:

«Знешніх тэхнагенных крыніц як быццам бы не бачна для таго, каб змяніць тэмпературу на гэтай глыбіні. Таму думаем, што гэта хутчэй за ўсё звязана з пэўнымі глыбіннымі праявамі.

Пасля атрымання аналізаў мы, магчыма, зробім геафізічныя здымкі, для таго каб даведацца, ці ёсць там нейкія глыбінныя разломы, якія не выяўляюцца на паверхні, а толькі па дадзеных геафізічных вымярэнняў. Гэта можа быць радонаметрыя. Газ радон ідзе з недраў зямлі. Геліевыя здымкі ці нейкія іншыя электра‑разведкі».

Аляксандр Манюк выкапаў студню глыбінёй 10 метраў сам 40 гадоў таму. Вады там — на тры метры. Увесь гэты час яна была халодная. Навокал няма ніякіх гейзераў і гарачых крыніцаў.

Вёска Зацітава Слабада знаходзіцца на правым беразе Свіслачы. Адзіная тамтэйшая крыніца ўпадае ў раку і мае тэмпературу 6 градусаў. Для Беларусі кіпень у калодзежах — з’ява не характэрная. Хаця і такое здаралася. Гаворыць галоўны навуковы супрацоўнік Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, геолаг‑геафізік Адам Пінчук:

«За праўдзівасць я не магу ручацца, аднак у літаратуры фігуруе факт, што ў раёне Касцюкоўкі ў калодзежы была знойдзеная вада, больш цёплая, чым павінна быць. Цяпер на ўсім зямным шары ідзе працэс павелічэння тэктанічнай актыўнасці: частыя землятрусы, цунамі. Магчыма, і да нас дакатваюцца гэтыя хвалі напружанасці, якія і выціскаюць ваду.

Напрыклад, у Палессі больш напружаны геатэрмічны раён. Гэта Прыпяцкі прагіб. Тут на глыбіні 5 кіламетраў (гэта раён Светлагорску, Парычаў, Баршчэўкі, Рэчыцы) тэмпература можа дасягаць 100‑150 градусаў. Яна такая і ёсць. Таму ўся вада, што выціснецца вышэй, будзе цёплая. Можна яе і гарачай назваць — градусаў 50, 40».

Гарачая вада, якая выходзіць на паверхню зямлі, — не шкодная для здароўя. Аднак ужываць яе ў неабмежаваных колькасцях спецыялісты не рэкамендуюць. Вядома, атрутных рэчываў яна не ўтрымлівае, аднак можа быць вельмі салёнай ці мець у сабе такія рэчывы, што пры вялікай колькасці могуць негатыўна адбіцца на здароўі чалавека.

Гаспадарка ў Аляксандра Манюка з Зацітавай Слабады невялікая — адзін конь. Таму паіў гаспадар жывёлу вадой з суседскага калодзежа. Сам браў ваду з крыніцы. Цяпер тэмпература вады ў калодзежы пайшла на спад.

Смакавыя якасці і знешні выгляд — звычайныя. Таму спадар Аляксандр можа, не баючыся, піць ваду з уласнавыкапанага калодзежа. На жаль, лазню з гарачай калодзежнай вады ён так і не паспеў зрабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?