28.06.2012 / 12:10

У Віцебскай вобласці ўшанавалі памяць ахвяр расстрэлу вязняў Беразвецкай турмы + фота 6

26 чэрвеня 1941 года ў вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна канвоем НКУС была расстраляная калона вязняў, якую гналі на ўсход з Беразвецкай турмы. Паводле афіцыйных звестак, там было каля тысячы чалавек, а мясцовыя жыхары сведчаць, што ахвяр было больш за дзве тысячы.

У мерапрыемстве па ўшанаванню памяці бязвінна загінуўшых вязняў прынялі ўдзел сябры Руху салідарнасці «Разам» і актывісты незарэгістраванай Партыі БХД з Мінску, а таксама журналісты з Глыбокага Яўген Самсонаў і Зміцер Лупач.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі месца, дзе стаяў беразвецкі храм, які быў разбураны савецкімі ўладамі ў 1957 годзе.

Гэта месца размешчана побач з сумнавядомай беразвецкай турмой, дзе адбывае пакаранне Зміцер Дашкевіч. З гэтага месца раніцай 24 чэрвеня 1941 года вязняў выгналі ў свой апошні шлях.
Да крыжа, што ўсталяваны на месцы храма, удзельнікі ўсклалі вянок, былі запаленыя знічы. Актывісты прачыталі малітву, праспявалі гімн «Магутны Божа». Напрыканцы ўдзельнікі тройчы выгукнулі «Жыве Беларусь!» у надзеі, што іх можа пачуць Зміцер Дашкевіч.

Пасля ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў вёску Мікалаева Шумілінскага раёна, дзе калону вязняў 26 чэрвеня 1941 года канваіры расстралялі, спаслаўшыся на таемнае распараджэнне тагачаснага беларускага кіраўніцтва. Гэты шлях пазней будзе названы «Дарогай смерці».

Да крыжа, што стаіць на месцы пахавання, былі ўскладзеныя вянкі, жывыя кветкі, былі пастаўленыя запаленыя свечкі.
Перад прысутнымі выступілі намеснік Руху салідарнасці «Разам» Аляксандр Макаеў і журналіст з Глыбокага Яўген Самсонаў. У сваіх выступах яны ўзгадалі тыя падзеі, а таксама распавялі, чаму мы павінны пра гэта памятаць. Скончылася мерапрыемства супольнай малітвай.

Пасля прысутныя з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі праз вуліцу вёскі Мікалаева.

0
Ян / Адказаць
29.06.2012 / 11:40
Адзінае незразумела - навошта ўпердолілі расейскі крыж? Наш беларускі крыж шасьціканцовы , без гэтай касой азіяцкай перакладзіны.
0
Глыбачанін / Адказаць
30.06.2012 / 21:21
Шаноўны Ян. Перад тым, як агучваць стэрэатыпы, пачутыя недзе ў радыкальным асяродку, займіцеся спачатку самаадукацыяй. Розных допісаў на гэтую тэму хапае ў інтэрнэце. Вось, першае, што патрапіла: http://zagloba.me/index.php?showtopic=5135 Пачытайце, каб не быць падманутым. А цяпер крыху гісторыі. У 1949 годзе на гэтым месцы, дзе зараз стаіць крыж яшчэ быў храм. Велічны і прыгожжы. Да 1957 года яго проста разабралі на цэглу, скарысталі як склад будаўнічага матэрыялу. Засталіся падмуркі, праз якіх праклалі сцежку, каб зручней было хадзіць у ваенную частку. 53 гады святое месца было пустым. Па ініцыятыве ўсяго аднаго чалавека, з яго ахвяраванняў быў пастаўлены крыж, інфармацыйны стэнд, усталяваны сімвалічны звон. Тое месца, дзе быў храм зараз нельга прайсці абыякава. А ходзяць там пераважна вайскоўцы. А цяпер задумайцеся, якім тэрмінам вы назвалі ўсталяванне крыжа - сімвала пакутаў Хрыстовых, сімвала пакутніцкага шляху, які прайшлі вязні Беразвецкай турмы ў 1939-1941 гадах, сімвала пакутаў вязняў канцлагера ў Беразвеччы. Таму заклікаю мадэратараў паправіць нелітаратурны выраз шаноўнага Яна.
0
Blazen / Адказаць
01.07.2012 / 02:43
Вечная памяць ахвярам жахлівага тэрору. І слава героям, што памятаюць пра пакуты нацыі.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру