26 чэрвеня адбылося пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх Калінкавіцкага райвыканкама, якая разгледзела адміністрацыйныя справы 17-гадовых маладых людзей, дзяўчыны і хлопца.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама, за абразу службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў дзяўчына павінна выплаціць 2 млн. рублёў штрафу. У дачыненні да ўдзельніка бойкі ў скандальным відэа складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы. Яму таксама вынесена пакаранне ў выглядзе штрафу ў 2,1 млн. рублёў і два папярэджанні. У аддзеле інфармацыі звярнулі ўвагу на тое, што, нягледзячы на грамадскі рэзананс, камісія прызначыла мінімальныя пакаранні.

Нагадаем, у пачатку мая ў інтэрнэце з’явілася відэа, аўтары якога сцвярджалі, што ў Калінкавічах на святкаванні 1 Мая міліцыя беспадстаўна збіла непаўналетняга. Прычым на відэа быў паказаны толькі малады чалавек, які ляжыць на асфальце і якога ўтрымліваюць міліцыянеры. Тэкст аўтара відэа сведчыў, што «хлопца збіла міліцыя, у яго зламана шыя».

    Праверка паказала, што ў Калінкавічах 1 мая адбыўся канфлікт паміж дзвюма кампаніямі маладых людзей, які пазней перарос у бойку. Пасля прыбыцця на месца здарэння супрацоўнікаў міліцыі пацярпелы малады чалавек, які знаходзіўся ў нецвярозым стане, аказаў ім супраціўленне. Была прыменена фізічная сіла. Маладога чалавека затрымалі і даставілі ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі, хоць значных траўм у яго не было.
    Калі ў інтэрнэце з’явілася відэа з затрыманнем хлопца, каментарыі не прымусілі сябе чакаць. Прычым з выкарыстаннем нецэнзурных слоў і абразлівых выразаў на адрас супрацоўнікаў міліцыі. Як высветлілася пасля, асабліва пастаралася дзяўчына затрыманага, за што яна і пакараная штрафам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?