Мінфін Расіі апасаецца, што Беларусь пад выглядам арганічных растваральнікаў экспартуе нафту і нафтапрадукты.
Пра гэта заявіў статс-сакратар, намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў, выступаючы 28 чэрвеня на канферэнцыі, арганізаванай Асацыяцыяй еўрапейскага бізнесу, паведамляе расійскае агенцтва «Росбізнескансалтынг».

«Мы сутыкнуліся з тым, што ў некалькі разоў з Беларусі вырас экспарт арганічных растваральнікаў на знешні рынак. Мы апасаемся, што гэты тавар — прыкрыццё. Не выключана, што пад выглядам растваральнікаў экспартуюцца нафтапрадукты», — сказаў Шаталаў.

Ён падкрэсліў, што расійскі бок разбіраецца з гэтай інфармацыяй і спрабуе прыняць адпаведныя меры. «Будзем дамаўляцца з беларускімі калегамі», — сказаў Шаталаў.

Намеснік міністра фінансаў РФ нагадаў, што цяпер расійскі бюджэт губляе сур’ёзныя даходы, паколькі пры пастаўках нафты і нафтапрадуктаў унутры Мытнага саюза не спаганяюцца экспартныя пошліны.

«Гаворка ідзе пра шмат мільярдаў долараў. Ёсць пэўныя кампенсацыйныя механізмы. Беларусь пры экспарце нафты і нафтапрадуктаў са сваёй тэрыторыі павінна спаганяць экспартныя пошліны па расійскіх стаўках і пералічваць іх у бюджэт РФ», — сказаў Шаталаў, дадаўшы, што такая мера толькі часткова кампенсуе страты расійскага бюджэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?