28 чэрвеня цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend запрасіў журналістаў, сяброў і партнёра арганізацыі на прэс-ланч, прысвечаны 16-годдзю цэнтра.

«Да сакавіка 2004 года, калі нас сталі ліквідаваць, — не ўтрымалася ад успамінаў старшыня праўлення Lawtrend Алена Танкачова, — у нас у актыве было ўжо 54 судовыя працэсы, у якіх мы прадстаўлялі інтарэсы грамадскіх арганізацый у Вярхоўным судзе. У нас не было магчымасці выступаць у паўнавартасным працэсуальным статусе праваабаронцаў, і мы выкарыстоўвалі тыя магчымасці, якія даваў нам Грамадзянска-працэсуальны кодэкс — гэта статус прадстаўнікоў грамадскасці.

Калі зачынялі нашу арганізацыю і з гэтай нагоды мы заходзілі ў Вярхоўны суд, нас ведалі ўсе суддзі грамадзянскай калегіі. Яны паважліва з намі віталіся, паціскалі рукі, казалі «Так трымаць!» і — выносілі рашэнні на карысць Мінюста ў большасці выпадкаў.

Тады як, з пункту гледжання права, закона, вяршэнства Канстытуцыі і міжнародных прынцыпаў, звязаных са свабодай асацыяцый, гэтага рабіць было катэгарычна нельга». Тым не менш цэнтр працягнуў працу.

Карэспандэнт БелаПАН не мог не пацікавіцца ў кіраўніка Lawtrend, ці будзе цэнтр ўдзельнічаць у назіранні за парламенцкімі выбарамі.

«Мы не маем намеру рабіць нічога спецыяльна, не будзем ажыццяўляць маніторынг выбарчага працэсу, — адказала Танкачова. — Мы не лічым гэта першачарговай задачай для сябе на бягучы момант. У праваабарончым сектары, як я разумею, ёсць ўстойлівыя групы, у прыватнасці Беларускі Хельсінкскі камітэт і «вясноўцы», якія працягнуць сваю сістэмную дзейнасць па назіранні за выбарчым працэсам. Мы са свайго боку працягнем дзейнасць, звязаную са свабодай асацыяцый, свабодай сходаў і доступам да правасуддзя, прававой дапамогай, у тым ліку ў перыяд электаральнай кампаніі. Таму што пагаршэнне сітуацыі, рост колькасці парушэнняў у гэтых сферах, як паказвае вопыт, павялічваецца ў перадвыбарчы перыяд».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?