09.07.2012 / 11:52

«Аліева можна крытыкаваць, але цябе за гэта могуць біць» 1

У Азербайджане палітвязні таксама пішуць прашэнні аб памілаванні, а апазіцыя расколатая.

Ільхам Аліеў кіруе краінай ад 2003 года.

Анар Оруджаў за працай.

Палітвязні пішуць прашэнні

«Наша Ніва»: Падабенстваў паміж Беларуссю і Азербайджанам шмат?

Анар Оруджаў: Я некалькі дзён у Беларусі і чуў, што ў Гродне быў арыштаваны журналіст [Андрэй Пачобут, гутарка адбылася 25 чэрвеня — «НН»]. У Азербайджане таксама нядаўна арыштавалі журналіста. Вось і паралелі.

«НН»: Вы маеце на ўвазе Гілала Мамедава, аўтара роліка «Давай, да свіданія»?

АО: Так. У Азербайджане прэсінг на журналістаў бывае вельмі частым. Я не ведаю гэтага рэдактара Tolishi Sado («Голас Талыша»). Але калі супраць яго выкарыстоўваюць артыкул пра захоўванне наркотыкаў, то яго проста хацелі арыштаваць.

«НН»: Колькі ў Азербайджане цяпер палітвязняў?

АО: У нас было некалькі чалавек у турмах за тое, што яны праводзілі акцыі пратэсту. Але некалькі дзён таму прэзідэнт Аліеў падпісаў указ аб памілаванні гэтых людзей. Аднак у турмах застаюцца яшчэ палітычныя.

«НН»: Чаму Аліеў [яго візіт у Мінск плануецца ў канцы жніўня -- НН] памілаваў арыштаваных?

АО: Яны пісалі прашэнні на імя прэзідэнта. Нядаўна ў Баку было «Еўрабачанне». Замежныя журналісты шмат пісалі, што ў Азербайджане не ўсё добра з правамі чалавека. Пасля гэтага можна было чакаць вызваленняў.

«Еўрабачанне» дапамагло паказаць, што ў Азербайджане ёсць праблемы.

Укідваюць бюлетэні

«НН»: Парламент у Азербайджане незалежны ад прэзідэнта?

АО: Не. Рада Еўропы і АБСЕ не прызналі выбары свабоднымі. Я быў назіральнікам на выбарах. У каго былі добрыя адносіны з дзяржавай, тыя і былі выбраныя. Астатнія, хоць і лепшыя кандыдаты, не прайшлі. Былі фальсіфікацыі і выкарыстанне дзяржаўных рычагоў.

«НН»: Вы бачылі фальсіфікацыі асабіста?

АО: Так, бачыў. Старшыня выбарчай камісіі ўкінуў 40 бюлетэняў за праўладнага кандыдата. Гэта былі галасы тых людзей, да якіх трэба было ехаць са скрыняй, бо яны не маглі прыйсці на ўчастак. Я папытаўся, што ён робіць, але той нічога не адказаў. Мы фіксавалі гэтыя парушэнні, але вельмі рэдка вынікі скасоўваюць.

«НН»: У парламенце ёсць апазіцыйныя палітыкі?

АО: Толькі адзін. Старшыня партыі «Уміт» Ігбал Агазадэ. Ёсць іншыя дэпутаты з маленькіх партый. Але яны не лічацца рэальнай апазіцыяй. Раней яны былі ў іншых апазіцыйных партыях, але сышлі адтуль. Яны імкнуцца быць незалежнымі, але не могуць, бо дзяржава давала ім мандат.

«НН»: Ёсць партыя ўлады?

АО: Так. Гэтая партыя называецца «Новы Азербайджан». Яе яшчэ ствараў Гейдар Аліеў. Яна мае большасць у парламенце.

Хто з’ехаў, хто ў бізнэс

«НН»: Сярод апазіцыі ёсць рэальныя супернікі Ільхаму Аліеву?

АО: Цяпер цяжка сказаць. Ёсць партыі, якія лічацца мацнейшымі, — «Мусават» («Роўнасць») і Партыя Народнага Фронту Азербайджана, але яны згубілі шмат. У 2003—2005 яны былі вельмі моцнымі.

У 2003, пасля смерці Гейдара Аліева, быў пік палітычнай актыўнасці. Шмат хто думаў, што будуць перамены, прыйдзе да ўлады нехта з дэмакратаў. Але сын Гейдара стаў прэзідэнтам.
У 2005 каля дзесяці дэпутатаў ад апазіцыі трапілі ў парламент. Пасля гэтага пайшоў спад. Людзі сталі губляць надзею. Шмат хто не захацеў заставацца ў апазіцыі, бо нічога не маглі змяніць. Іншыя з’ехалі ў Еўропу і ЗША. Трэцяя група — гэта людзі, што займелі вялікія грошы ад нафты. Палепшала эканамічная сітуацыя ў краіне. Некаторыя думалі, што лепш мець маленькі бізнэс, чым займацца палітыкай.

«НН»: А суды захавалі незалежнасць?

АО: Не. Абмяркоўваць гэта ўвогуле бессэнсоўна.

«НН»: Аліеў карыстаецца азербайджанскай мовай ці расейскай?

АО: Публічна — толькі азербайджанскай. Першыя гады ён гаварыў з расейскім акцэнтам, цяпер лепш. На азербайджанскай мове функцыянуе армія і паліцыя. Гэта як увялі ў часы Народнага Фронту, так яно і засталося.

Еўропа прыплюшчвае вочы

«НН»: Апазіцыйных газет шмат застаецца?

АО: Апазіцыйныя нават больш папулярныя. Напрыклад, «Азадлыг» («Свабода») і «Мусават». Яны прадаюцца ў шапіках, з рук. У гэтых газет штодзённы наклад дзесьці 15 тысяч. У гэтых самых газет інтэрнэт-­версію штодня наведвае каля 25 тысяч чалавек. Асабліва ў «Мусавата». Ёсць папулярныя і дзяржаўныя сайты.

«НН»: Еўропа крытыкуе стан рэчаў у Азербайджане?

АО: Часам крытыкуе, часам заплюшчвае вочы. Нафта! Але калі¬нікалі ёсць крытыка. Дыскутуюць на сустрэчах з азербайджанскай апазіцыяй.

Пра асабістае жыццё Аліева вядома

«НН»: Аліева крытыкаваць можна?

АО: Вядома. У нас ужо не савецкія часы. Можна крытыкаваць, вельмі моцна, нават лаяць. Але за гэта цябе можа нехта біць, можна ў турму трапіць, гэта таксама бывае. Але крытыка не забароненая.

«НН»: Азербайджанскія чыноўнікі адкрытыя для кантактаў?

АО: Не вельмі. Ёсць дзяр­жаўныя кампаніі, якія заці¬каўленыя ў добрых адносінах з прэсай. Яны робяць адкрытымі свае прыбыткі. У многіх ёсць вельмі аператыўныя сайты. Напрыклад, у прэзідэнта. Сайт МУС таксама добра працуе.

«НН»: Асабістае жыццё Аліева адкрытае для прэсы?

АО: Цікавае пытанне (смяецца). У параўнанні з Беларуссю ў нас больш адкрыта. У нас вядома, ці прэзідэнт будуе новую адміністрацыю. Мы ведаем, што дачка прэзідэнта выйшла замуж за сына мільярдэра, што жыве ў Расіі. Мы ведаем, што другая дачка таксама выйшла замуж за яшчэ аднаго азербайджанскага мільярдэра. Мы ведаем, у якіх мерапрыемствах удзельнічае сын прэзідэнта. Гэта ўсё адкрыта. Замежныя медыі пішуць, што чалавек, які супадае па імені з сынам прэзідэнта, мае вілу за 75 мільёнаў даляраў у Дубаі. «Вашынгтон пост» піша гэта, і нашы СМІ таксама пішуць. Ёсць дыскусія ў медыях пра жыццё прэзідэнта.

Пра Беларусь не чуваць

«НН»: Жыццё людзей лепшае?

АО: Так, дзякуючы нафце. Калі б у нас не было карупцыі, то было б яшчэ лепей. Самая вялікая праблема для Азербайджана — гэта карупцыя нават на самым нізкім узроўні. Нават чалавек з ЖЭСа за даведку хоча атрымаць 5¬10 манатаў (4¬8 даляраў).

«НН»: Колькі сярэдні заробак па Баку?

АО: Здаецца, каля 500 даляраў. У рэгіёнах менш. Баку апошнім часам вельмі змяніўся, шмат новых будынкаў. Такія прыгожыя, аграмадныя навабуды, нават можна параўнаць з Дубаі. Зрабілі новую дарогу да аэрапорта. За кожны кіламетр дарогі яны трацілі каля 10 мільёнаў даляраў. У нас і такое бывае.

«НН»: Увогуле азербай­джанцы кім сябе лічаць — еўрапейцамі ці азіятамі?

АО: Еўрапейцамі. Хоць нам трэба шмат вучыцца, каб быць еўрапейцамі. Мы лічым сябе еўрапейцамі, але рэальны ўзровень гэтых людзей ніжэйшы. У Азербайджане толькі дзве ВНУ трапляюць у 10 тысяч найлепшых універсітэтаў свету.

«НН»: Замежныя інвестыцыі ў Азербайджан ідуць?

АО: Раней ішло шмат. Цяпер у нас ёсць вельмі багатыя людзі, якія працуюць усюды. Цяпер Азербайджан сам укладвае грошы ў Сербіі, Малдове, Грузіі. Наша нафтавая кампанія хоча купіць запраўкі ў Швейцарыі.

«НН»: Беларусь неяк прысутнічае ў Азербайджане?

АО: Па­мойму, не. Няшмат чуваць пра сувязі з Беларуссю ў эканамічнай сферы.

***

Азербайджан -- краіна ва ўсходняй частцы Закаўказзя на паўднёва-заходнім узбярэжжы Каспійскага мора. Мяжуе з Расіяй (Дагестанам), Грузіяй, Арменіяй, Іранам, Турцыяй. Сталіца — Баку. Насельніцтва — 9 мільёнаў чалавек. Азербайджан, дзякуючы нафтавым грошам, лідзіруе ў СНД па эканамічным росце. Прэзідэнт — Ільхам Аліеў. Перад гэтым на пасадзе быў ягоны бацька Гейдар.

Уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю зменіць правілы гульні для беларускай эканомікі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Гутарыў Зміцер Панкавец

0
Колхозный бандит / Адказаць
10.07.2012 / 08:11
Парни, отбросьте в сторону извечное белорусское ехидство, и вы поймете- живем мы с вами все-таки в Европе. Говорите что хотите, ругаетесь, полнейшая свобода слова по сравнению с десятком других стран СНГ. Разве что окна не позволяют бить в Доме правительства.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру