Аўстрыйская “Der Standard” зьмяшчае артыкул “Не хапае дэмакратычнага досьведу”. “Палітолягі не сумняваюцца ў перамозе Аляксандра Лукашэнкі — нават пры адсутнасьці маніпуляцыяў”, — піша выданьне.
У артыкуле аналізуецца дасьледчыцкі праект Інстытуту Дунайскай Прасторы і Сярэднай Эўропы, прадстаўлены ў Вене 8 сакавіка. Аўтары дасьледаваньня, Ганс-Георг Гайнрых, палітоляг і экспэрт у пытаньнях Расеі, а таксама расейскі палітоляг Людміла Лобава тлумачаць сваю думку чатырма фактарамі. Спрыяльнае эканамічнае становішча ў краіне, кантроль над мэдыямі, адсутнасьць уладнай альтэрнатывы прэзыдэнцкаму апарату, а таксама адсутнасьць уласнага эканамічнага базысу ў апазыцыі. Многія беларусы прагаласуюць за Лукашэнку, бо ім жывецца лепей, чым жыхарам іншых былых краінаў СССР. Акрамя гэтага, ім бракуе дэмакратычнага досьведу.
“Беларусь – гэта экспэрымэнт, — кажа Гайнрых, — які функцыянуе, нягледзячы на палітыку ізаляцыі”. Пытаньне толькі ў тым, як доўга ён будзе працягвацца.
Рэвалюцыі пасьля выбараў чакаць не абавязкова, хаця, як кажа Лобава, “усё магчыма”. Наступным крокам дасьледчыкаў будзе праца над распрацоўкай разнастайных сцэнароў разьвіцьця Беларусі. працу мяркуецца скончыць у чэрвені 2008 г.