Лукашэнка вярнуўся з Паўднёвай Амерыкі
Ці паедзе ён ва Украіну на фінал Еўра-2012, будзе абвешчана дадаткова.
Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня прыбыў у Беларусь пасля афіцыйных візітаў у краіны Лацінскай Амерыкі. Аб гэтым паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі.
Лукашэнка 24–29 чэрвеня наведаў Кубу, Венесуэлу і Эквадор, дзе сустрэўся з кіраўнікамі гэтых краін.
Лёгкі таксама паведаміў, што «запрашэнне ў Кіеў на 1 ліпеня атрымана». «Ці паедзе туды прэзідэнт, мы паведамім дадаткова», — сказаў ён.
Аб тым, што Аляксандр Лукашэнка прыбудзе ў Кіеў на фінальны матч Еўра-2012, паведаміў журналістам 27 чэрвеня пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка. «Будзе ў нас візіт першага чысла кіраўніка дзяржавы, будзе сустрэча з Віктарам Фёдаравічам (Януковічам)», — сказаў пасол. Кіраўнік дыппрадстаўніцтва таксама паведаміў, што на сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Лукашэнка абмяркуе актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ