У нашым грамадстве цікавасць да лёсу і стану беларускай мовы не зніжаецца, а наадварот, узрастае, пра што сведчаць апошнія сацыялагічныя апытанні, і нават спрэчкі ва ўладных структурах па гэтым пытанні.

Дастаткова прыгадаць палеміку ў СМІ паміж міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам і яго намеснікам Казімірам Фарыно наконт выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах краіны па-беларуску, незалежна ад мовы навучання. У выніку — Казімір Фарыно, які быў супраць беларускай мовы выкладання гэтых прадметаў, пакінуў сваю пасаду.

Мова вытрымала чарговы ўдар, які нанесены ёй арганізатары моўнага рэферэндума 1995 года. асабліва пацярпела сістэма адукацыі, у якой колькасць вучняў, што навучаюцца у школах скарацілася да 18-19%. Аднак беларуская мова захавала і ўзмацніла свае пазіцыі ў галіне культуры, на транспарце, у паштовай справе і асабліва ў інтэрнэце. Напрыклад, ужо некалькі месяцаў паспяхова дзейнічае новы партал ТБМ tbm-mova.by, які ўжо наведалі каля 25 тысяч чалавек з 40 краінаў. Павялічылася колькасць беларускамоўных чыноўнікаў ніжэйшага і сярэдняга ўзроўню.

Значная частка беларускай эліты добра ведае родную мову і актыўна ёй карыстаецца пры нагодзе.

Напрыклад, прэм’ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта вольна размаўляюць па-беларуску, а міністр культуры — Павел Латушка — пераважна на ёй размаўляе.

У асноўным беларускамоўнымі з’яўляюцца сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра. Амаль кожны дзень адбываюцца прэзентацыі беларускіх кніг, часопісаў, зборнікаў, дыскаў і г.д.

Што датычыцца апазіцыі, то тут сітуацыя пагоршала. У адрозненне ад фракцый БНФ і БСДГ у ВС 12 склікання, зараз да апазіцыі далучыліся рускамоўныя дэмакраты, якія не спяшаюцца размаўляць на мове тытульнай нацыі.

Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?

Гэта вынік трохсотгадовай паланізацыі і русіфікацыі, бо тых, хто прынцыпова размаўляў па-беларуску, пераследавалі як польская, так і руская, а пазней і савецкая ўлады. Таму беларусы размаўляюць “на мове начальства”, якое часта не было беларускім па паходжанні, мовы не ведала, і ведаць прынцыпова не жадала.

Пасля 1995 года новае беларускае начальства, якое ў асноўным выйшла з калгаснай вёскі, каб спадабацца ўсходняму суседу і атрымаць танныя нафту і газ, вырашыла стаць “русскими со знаком качества”. Рускімі яны не сталі, размаўляюць на трасянцы, але танныя газ і нафту маюць, і таму ўкладаць грошы ў развіццё беларускай мовы (а значыць і ў развіццё культуры ўласнага народа) не жадаюць.

Просты народ гэта бачыць і размаўляе так, як і начальства, пры гэтым даволі часта ўжываюць і рускую “ненарматыўную” лексіку, за якую прадстаўнікі апазіцыі вельмі часта атрымліваюць пэўную колькасць сутак арышту.

Нам не хапае ў першую чаргу жадання гаварыць па-беларуску. Дарэчы, значная большасць насельніцтва добра не ведае ніякай мовы, у тым ліку і рускую. Тэсты абітурыентаў гэта добра паказваюць.

З кожным годам непісьменнасць моладзі расце, прычым расейскую мову ведаюць горш, чым беларускую, а гэта вынік татальнай трасянкі.

Яе перайсці цалкам на беларускую мову

Каб пазбавіцца гэтага, кожны можа скласці план паступовага пераходу цалкам на беларускую мову на працягу ад 6 месяцаў да году. Кожны дзень увечары, перад сном 40-50 хвілін чытаць на беларускай мове літаратуру, слухаць беларускае радыё, песні, глядзець фільмы, быць цалкам у беларускамоўнай атмасферы. Спачатку пачаць гаварыць у сям’і, затым на вуліцы, а потым і з начальствам.

Абавязкова трэба наведваць беларускамоўныя імпрэзы, выставы, канцэрты, хадзіць у тэатр, каб адчуць, што вакол шмат беларускамоўных людзей, і ты — не адзін.

Каб зацікавіць мовай школьніка, найперш трэба аддаць дзіцятка ў беларускамоўны садок, а потым клас або школу з беларускамоўным навучаннем. Калі гэта складана, размаўляць з ім па-беларуску дома, пазнаёміцца з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, каб разам дапамагчы пераадолець моўны бар’ер. Напісаць заяву на імя дырэктара школы, каб школьнік вывучаў па-беларуску гісторыю і геаграфію, хадзіць з ім разам на беларускія культурніцкія мерапрыемствы.

Калі вы станеце думаць штодня па-беларуску, вас будзе заўжды падтрымліваць генная памяць вашых продкаў, якія стварылі вялікую еўрапейскую краіну. Гэта дасць вам магчымасць жыць лепей, адчуваць падтрымку суседзяў не толькі па доме, але і насельнікаў усёй Еўропы. Бо менавіта ў Еўразвязе шануюць мовы ўсіх сваіх народаў, вялікіх і малых. І нам трэба вярнуцца назаўсёды ў еўрапейскую супольнасць з нашым найвялікшым скарбам — тысячагадовай беларускай мовай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?