На пытанні чытачоў сайта Naviny.by адказаў гісторык, сябра Камісіі па найменаванні і перайменаванні вуліц пры Мінгарвыканкаме Іван Сацукевіч.

Беларусь з’яўляецца незалежнай краінай ужо больш 20 гадоў, а, мяркуючы па назвах нашых вуліц, мы дагэтуль жывем у Савецкім Саюзе. Леніна, Кірава, Маркса ды назвы ў гонар іншыя камунякаў пануюць у нашых гарадах. Што, яны зрабілі хоць нешта карыснае для Беларусі ці беларусаў? Чаму тады наша краіна дагэтуль самая савецкая на зямлі? Ды і Кастрычніцкую 1917 года рэвалюцыю мы адзіныя сьвяткуем на дзяржаўным узроўні. Дзе ж наш гонар?

— Калі б мы жылі апошнія 20 гадоў у СССР, то не было б у нас вуліц Еўфрасінні Полацкай, Напалеона Орды, Яна Чачота, Ігната Дамейкі, Валенція Ваньковіча, Паўлюка Труса, Браніслава Тарашкевіча, Кірылы Тураўскага, Усевалада Ігнатоўскага, Ігната Буйніцкага, Фердынанда Рушчыца, Уладзіслава Сыракомлі, Язэпа Драздовіча, Уладзіслава Галубка, Каруся Каганца, Пятра Мсціслаўца, Янкі Брыля, Льва Сапегі, якія з'явіліся за гэтыя гады. Іншая справа, што перайменаванне ўжо існуючых вуліц праблемнае з-за некалькіх фактараў: фінансавага (на гэта патрэбны грошы), арыенціровачнага (а Вы падумалі пра мінчан і магчымую блытаніну?) і маральнага (Вы упэўнены, што большасць жыхароў якой-небудзь вуліцы Калініна падтрымліваюць перайменаванне?). І самае галоўнае: а як іх назваць? Можа ў Вас ёсць падрыхтаваны праект? Любыя змены ў гарадской тапаніміцы, безумоўна, будуць выкліканы жаданнямі мінчан, але прымаць канкрэтныя рашэнні павінны толькі спецыялісты і дэпутаты Мінгарсавету.

* * *

— Чаму, на ваш погляд, на мапе Мінска застаюцца імёны асобаў, якія не тое што не звязаны з Беларуссю, але зняславілі сябе ў яе гісторыі?

— На гэта пытанне адказаць аднасложна вельмі складана. Давайце не будзем забываць пра тое, што ў нашым грамадстве ёсць людзі, якія не думаюць так, як Вы. Не паважаць іх погляды таксама нельга. Мы можам, безумоўна, патрабаваць вяртання ўсіх гістарычных назваў, мы можам сказаць, што Кіраў ніякіх адносін да Мінска не мае, але што ўзамен? Фактычна мы паступім дакладна так жа, як бы паступілі ў 20-я гады савецкія ўлады з той аўтэнтычнай сапраўднай тапанімікай нашых гарадоў, што і адбылося. Гэта вельмі складаная праблема. Тут важна прыслухоўвацца да людзей і не наламаць дроў. Таму што памылкі заўсёды былі — гэта як у медыцыне: памылка фатальная. Напрыклад, гістарычная вуліца Старажоўская была перейменавана ў гонар Ціхана Кісялёва ў 1983 годзе. Грамадскасць выказала меркаванне, каб вярнуць гэты гістарычны тапонім на карту горада. Вярнулі. Толькі ў іншым месцы. На месцы іншага гістарычнага тапоніма. Зараз вуліца Старажоўская размешчана на месцы прадмесця Старосцінскай слабады — і гэта памылка, якую выправіць вельмі складана. У пачатку 90-х людзі зноў прасілі вярнуць што-небудзь у гістарычным цэнтры, каб надаць нацыянальны каларыт цэнтру горада. Далі каларыт — назвалі вуліцу Раманаўскай Слабадой, прычым тую вуліцу, якая так ніколі не называлася. Ці можна ўвогуле выправіць гэту памылку?..

Таму падыходзіць катэгарычна да гэтай праблемы нельга, мы яшчэ дакладна не ведаем, якую ролю адыгралі ў нашай гісторыі некаторыя асобы. Вырашэнне гэтай праблемы зацягнецца не на адно дзесяцігоддзе.

Безумоўна, для кагосьці непрымальныя гэтыя назвы, а іншыя людзі не прымаюць катэгарычных зменаў, якія адбываюцца ў наваколлі. Ім ўсё роўна, як называюцца вуліцы, і не паважаць іх пазіцыю мы таксама не можам. Інакш мы будзем паступаць па-бальшавісцку.

* * *

— Чаму ў нас дагэтуль няма вуліцы выбітнага хакеіста Руслана Салея?

— А Вы лічыце, што менавіта гэта назаўжды ўвекавечыць памяць пра гэтага выдатнага чалавека і хакеіста ў нашых сэрцах? А можа, лепш назаўжды вывесіць майку з прозвішчам Салея пад звядзеннямі «Мінск-Арэны», дзе ўвесь час будуць тыя, хто памятае гэтага хакеіста? Каб потым, праз -наццаць гадоў, не паўтарылася звычайная мінская гісторыя, калі жыхары якой-небудзь вуліцы Чычурына, на пытанне, хто гэта такі, маўкліва паціскалі плячамі.

— Ці ёсць у Беларусі горад з блізкай да ідэальнай тапанімікі? Калі такое магчыма ў прынцыпе?

— Так, гэта Маладзечна.

* * *

— Ці ўплываюць на людзей назвы вуліц, плошчаў і вёсак?

— Безумоўна. Гэта наша асяроддзе. Назва вуліц — гэта элемент нашай гарадской культуры, якая выхоўнае нас, якая дапамагае жыць. Што значыць жыць на вуліцы Напалеона Арды ў Мінску, якая названа ў гонар знакамітага мастака і кампазітара? Адразу іншае адчуванне. У вас з'яўляецца адразу пачуццё гонару за свой раёнчык, за свой мікрараён, невялікі кавалак горада — гэта абсалютна натуральна.

— Чым адрозніваецца чалавек, які вырас на вуліцы Леніна, ад чалавека, які вырас, напрыклад, на Зыбіцкай?

— Гэта трошкі правакацыйнае пытанне. Таму што ніхто не займаўся падобнымі даследваннямі. Іншая справа — усё павінна быць прыгожа вакол нас з вамі. Абсалютна ўсё. І мы, і наша асяроддзе, гэты горад і нават такая дробязь, як назва вуліцы, калі яна гістарычная, калі яна эстэтычная, можа дапамагаць нам жыць з задавальненнем. Паверце. Адна справа — жыць у мікрараёне Паўночны, другая справа — у Хмарынскіх Пасеках. Вы спыніцеся і будзеце думаць, што гэта значыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?