Генэралы, якія кіруюць Бірмай, упершыню паказалі новую сталіцу краіны, што да гэтага часу заставался зачыненай для замежнікаў. Гэта Найпііда — альбо Сядзіба Каралёў, за 460 км на поўнач ад старой сталіцы Рангуну.

Журналісты былі запрошаныя ў новую сталіцу на парад з нагоды Дня ўзброеных сілаў. Горад назвалі міражом у джунглях. У сталіцы беднай Бірмы, адной з найбольш адсталых краінаў сьвету, яны ўбачылі шырокія бульвары, бліскучыя ўрадавыя будынкі і васьміпалосную аўтастраду. Чыноўнікі, якія месьцяцца ў элегантных рэзыдэнцыях, наракаюць, аднак, на недахоп крамаў і забаваў.

Паўтара году таму вайсковая хунта ўпотай пакінула Рангун. Хунта нібыта баялася амэрыканскай атакі і лічыла, што Рангун недастаткова бясьпечны (у гісторыі Бірмы сталіцы зьмяняліся шмат разоў таксама і таму, што так раілі астролягі).

На ўчарашнім парадзе паказаўся рэдкі на публіцы госьць — нумар 1 хунты генэрал Тан Швэ. Ён заклікаў жаўнераў захоўваць пільнасьць адносна тых, хто хоча аслабіць краіну — гэта намёк на амэрыканскі і эўрапейскі націск, каб вайскоўцы правялі дэмакратычныя рэформы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?