Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 30 чэрвеня азнаёміўся з ходам рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Кіраўнік урада раскрытыкаваў заказчыка праекта, якім выступае Мінкульт, а таксама генеральнага падрадчыка — трэст № 7.

«Звычайныя працы: кладка сцен, уборка смецця — чаму яны не зробленыя? — заявіў Міхаіл Мясніковіч. — Становішча спраў я ацэньваю як нездавальняючае».

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што работы па рэканструкцыі тэатра трэба разглядаць у якасці першачарговых. Да гэтага унікальнага аб’екта павінна быць нестандартнае стаўленне, а яго няма, канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

«Фактычна будуецца новы тэатр, а мы год страцілі на праектна-каштарыснай дакументацыі», — сказаў ён.

Галоўная задача — павялічыць колькасць працаўнікоў на будаўнічай пляцоўцы.

Прэм’ер-міністр даручыў пакараць вінаватых у зрыве будаўнічых работ. Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які курыруе гэтыя пытанні, павінен будзе разгледзець мэтазгоднасць далейшага знаходжання на пасадзе намесніка міністра культуры Віктара Кураша. «Яму трэба абвясціць няпоўную службовую адпаведнасць або наогул расстацца», — заявіў Міхаіл Мясніковіч.

Як праінфармаваў старшыня гарвыканкама Мінска Мікалай Ладуцька,

за дапушчаныя недапрацоўкі ў праекце па рэканструкцыі Купалаўскага тэатра не працягнуты кантракт з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, які персанальна курыраваў гэты праект.

Намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч праінфармаваў: да 15 верасня павінен быць цалкам гатовы абрыс і закрыты дах будынка тэатра, а да 15 кастрычніка трэба будзе завяршыць усе тынкавыя працы па фасадзе, каб можна было перайсці ўжо да работ па ўнутраным аздабленні, устаноўцы абсталявання і мэблі. У цэлым кошт праекта ацэньваецца ў $40 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?