Пабачыў сьвет шыкоўны двухтомнік‑даведнік дасьледчыка Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя праваслаўныя сьвяшчэнна‑ і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917‑1967».
Кнігу выдаў Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы з блаславеньня мітрапаліта Філарэта.
У даведніку расказваецца пра лёс больш чым 2 000 праваслаўных рэпрэсаваных сьвятароў. Пра лёс шмат каго пішацца ўпершыню. Дагэтуль Леанід Маракоў выпусьціў трохтомнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі 1794‑1991», за які летась атрымаў прэмію імя Францішка Багушэвіча ад Беларускага ПЭН‑цэнтра.
Неўзабаве мае выйсьці том пра рэпрэсаваных каталіцкіх сьвятароў.
Праваслаўны двухтомнік выйшаў у цьвёрдай вокладцы, накладам 1500 асобнікаў.
Прэзэнтацыя двухтомніка пройдзе заўтра 30 сакавіка ў Палацы мастацтваў а 18-й (вуліца Казлова, 3).