Вядома, гэта спрэчна. У мінулыя часы былі не менш класныя зборныя, але пакуль ніхто да «Чырвонай фурыі» не выйграваў тры найбуйныя спаборніцтвы запар (Еўра-2008, чэмпіянат свету 2010 і, нарэшце, сёлетні турнір).
На «Алімпійскім» у Кіеве Іспанія выйграла абсалютна па справе. Наўрад ці нехта будзе ставіць пад сумніў гэты трыумф.

Цудоўныя італьянцы і так зрабілі больш, чым ад іх чакалі. На тоненькага каманда Чэзарэ Прандэлі выйшла з групы. Потым Буфон зладзіў бясплатны майстар-клас Джо Харту ў пасляматчавых пенальці з Анліяй. У паўфінале «кепскі хлопчык» Балатэлі злавіў кураж. Два галы «СуперМарыё» і забяспечылі апенінцам перамогу над Германіяй і фінал.

Аднак ні Буфон, ні Балатэлі, ні Пірла не змаглі спыніць Іспанію.

Каманда Дэль Боске ад самага пачатку пачала плесці сваю павуціну. Некаму гэтая тактыка не падабаецца, іншым — наадварот. Але галоўнае — яна дае вынік.
Спачатку дваццаць дакладных перадач, у наступнай атацы — трыццаць. Так у чвэрцьфінале «чырвона-сінія» перамагалі Францыю. У фінале для першай прабоіны ў абароне Італіі спатрэбілася ўсяго чатырнаццаць хвілін.

Фабрэгас прарваўся па флангу, адпасаваўшы на Давіда Сілву, якому заставалася толькі падставіць галаву — 1:0.

Іспанія на гэтым першынстве гуляла фактычна без форвардаў. Торэс большасць гульняў пачынаў на лаве запасных. Вілья траўмаваны. Гэта лічылі самым вялікім мінусам «фурыі», а мудры Дэль Боске перарабіў яго ў плюс.
Невядома ад каго ў складзе Іспаніі можна было чакаць небяспекі. То рудабароды апорнік-баск Хабі Алонса дублем адзначыцца, а то, як у фінале, левы абаронца Хордзі Альба апынецца на вастрыні атакі. Гэта быў першы гол Альбы за зборную — 2:0.

На той момант у створ варот Буфона было нанесена 2 удары. Гульня была зробленая.

«Скуадра адзура» старалася. У другім тайме яны стараліся не дазваляць іспанцам у звыклай манеры катаць мяч. Бяда Італіі была ў тым, што ў іспанскай браме гуляў бясхібны Ікер Касільяс. Яшчэ не ведаю, хто стане MVP турніра, але Касільяс на гэтае званне нагуляў.

Разгром жа Італіі аформілі Торэс (ён забівае другі фінал Еўра запар) і Мата — 4:0. Такіх выйгрышаў у фіналах Еўра яшчэ не было ніколі.

Ужо шэсць гадоў, як Іспанію ніхто не здольны спыніць. 12 кастрычніка гэтыя хлопцы прыедуць у Мінск.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?