6 ліпеня на хутары ля пасёлка Бобр (Крупскі раён Мінскай вобласці) за 125 кіламетраў ад Мінска адбудзецца традыцыйнае свята Купалля, удзел у якім могуць узяць любыя гурты і выступоўцы. Чаму варта прыехаць на Купалле, як знайсці сваю папараць-кветку ды стварыць шчаслівую сям’ю распавёў арганізатар і гаспадар свята, ураджэнец вёскі Бобр, мастак і майстар перформансу Алесь Пушкін.
ТГ: Спадар Алесь, чым гэтым разам будзеце прывабліваць публіку?
АП: У ноч з 6 на 7 ліпеня запрашаю ўсіх жадаючых пашукаць папараць-кветку на маім хутары.
Гасцей чакаюць вогнішча ў два чалавечыя росты, сапраўдны беларускі крупнік на мёдзе, чысцюткая крынічная вада, гарачая лазня, добрая музыка і, безумоўна, магія купальскае ночы.Нашае свята ўжо стала традыцыйным і адбываецца на працягу 15 гадоў.
ТГ: Хто з музыкаў будзе граць?
АП: На свята чакаюцца менскія дудары, а таксама капела Аляксея Крукоўскага «Капела на Таку». Але я заклікаю ўсіх выступоўцаў і гурты далучацца да нашай дзеі. Я гарантую, што такой цёплай сустрэчы ад аўдыторыі яны не атрымаюць анідзе. Плануецца, што выступы будуць акустычнымі, але пры патрэбе знойдзем і апарат.
ТГ: Кажуць, што на Вашым свяце некаторыя знаходзілі папараць-кветку?
АП: Я і сам яе знайшоў: у нас ужо двое дзетак, і мы шчыра марым аб трэцім. На кожным Купаллі гледачы абіраюць Купалінку і Купаліча вечара — самых гожых дзяўчыну й хлапца. Скажаце «дзіўна», але яны праз некаторы час бяруцца шлюбам. А пасля зноў завітваюць на Купалле ўжо з дзеткамі, каб выбраць новых герояў. Жадаеце праверыць — прыяжджайце да нас!
Словы Алеся Пушкіна пацвердзіла й абраная Купалінка 2010 года, культурніцкі менеджар фонда «Крэўскі замак» Ганна Андруковіч: «Выглядае цудам, але сапраўды менавіта з лёгкае рукі Алеся мы пашлюбаваліся з маім Купалічам. Да гэтага часу тое свята помніцца, як цяпер».
Пачатак свята а 22-й 6 ліпеня.
Падрабязная інфармацыя праз тэлефон +375 29 606-82-06.