…Але калі не пакаецеся,
    Усе гэтак сама загінеце.
    Лукі, 13:3

Паабяцалі мне нашы куплінскія рабочыя стагадовую газету. Няўжо, думаю, дзесьці на белавежскім хутары заціхарылася «Наша Ніва»? Прыносяць, складзеную ў чатыры разы, у пакеціку з-пад сушак. Газета не газета — улётка. Друк аднабаковы. Папера навобмацак цвёрдая, колеру бэжавага, добрая, унізе выходныя дадзеныя па-нямецку: Лейпцыг. На абароце шарыкавай ручкай нейкі мабільны нумар… І — чорным па белым: «Іскра», №1, 1900 г.

Падумаў, падробка. Перадрук. І каму яно тут у Пружанах спатрэбілася… Але на ўсялякі выпадак прашу паглядзець малецкага краязнаўцу Алеся Кенду. Алесь бярэ на прасвет, цярэбіць краі — і, бачу, пальцы заўважна пачынаюць трымцець: «Гэта арыгінал».

Першы нумар «Іскры» па маскоўскіх коштах — ад некалькіх соцень да 3,5 тысячы даляраў, у залежнасці ад стану.

У камендзе іскру камунізму трымаць небяспечна. Большасць асуджаных — лічы, жабракі. А тут такі, выбачаюся за каламбур, капітал. Спакуса.

…Калі з боку Пружанаў уязджаеш у былы вайсковы гарадок Куплін, пасля разбуранага КПП цябе сустрэне стод правадыра сусветнага пралетарыяту з растрэсканым тварам. Аблуплены, ля памыйкі, поруч з шыльдай «Прием овощей», Ленін прымружана азірае сваю разварочаную бункерамі ды фермерамі, зарослую бур’янам спадчыну, рыхтаваную дзеля планетарнай рэвалюцыі.

Камунізм, здаецца, ляснуў, а ідал стаіць.

Чакае.

Бо камуністычная спадчына тут, у беларускай глыбіні, — не толькі помнікі ды сатанінскія пентаграмы, не толькі паўсцёрты тэкст гімна СССР на крывава-цагляным фасадзе Пружанскага тэхнікума па вуліцы Чырвонаармейскай.
Усё нашмат глыбей — у душы, якая з чатырох галоўных арыфметычных дзеянняў не можа ані «дадаць», ані «памножыць», а ўсё хоча «адняць» і «падзяліць»; у бездані быцця, якое вызначае свядомасць, у пустаце духу.

Мігціць, дыміць, быццам жар на тарфяніку… Раптам зірнеш, а вакол у вачах большасці — рабочых, міліцыянтаў з «зорачкамі», асуджанай пралетарскай галоты, «чырвоных» калгасных начальнікаў — усё гэтак жа іскрыцца навуковы атэізм, знаёмая нянавісць да «прыватніка», агіда да царквы і грэблівасць да інтэлігенцыі ды невыносны сум па сусветным савецкім страху.

Камуністы… крок наперад, два крокі назад.

Іскры страшэннага зла, што ўспыхнула тут стагоддзе таму і занялося ўсечалавечым пажарам, і вынішчыла цэлыя народы і краіны, і спапяліла мільярды сэрцаў ад Расеі да Афрыкі, ад Кубы да Кітая — дагэтуль тлеюць у кожным з нас: яны нікуды не дзеліся. Нельга падманвацца: з камунізмам не скончана. Не трэба думаць, што мы як народ ці кожны з нас ад яго вольныя.

Нецярпімасць да чалавечай асобы, спалучаная з цярпімасцю да зла, гэткая каінава пячатка бальшавізму — ці не іх мы бачым у жыцці большасці беларусаў скрозь і побач?..

А бязбожжа, то ваяўнічае, то абыякавае, непрыманне ўсяго, звязанага з Хрыстом, на руінах дыялектычнага матэрыялізму?..

А зайздрасць да суседа, нянавісць да заможнага, да чужой уласнасці?..

А калектыўная безадказнасць, што сярпом ды молатам кроіць і крышыць краіну і ва ўладзе, і ў апазіцыі?..

А абагаўленне чалавека — або ўсе мы ведаем, якога, або самога сябе?..

Не, як народ мы не пакаяліся.

У знішчэнні людзей, у якім беларусы масава ўдзельнічалі за саветамі, у выкараненні царквы і святарства (чаго вартыя адны гісторыі пра разбуральнікаў храмаў, вядомыя ці не ў кожнай вёсцы), у вырачэнні ўласнай мовы і культуры…

Нават у гэтым!

Чаму немцы, унукі жаўнераў вермахта, прыязджаючы ў Беларусь, плачуць у Хатыні, а мы робім сметнікі, палім вогнішчы ды выгульваем сабак на месцах сталінскіх расстрэлаў?..

Што ўжо казаць пра пакаянне ў абыякавасці да зла, маўчанні і бяздзеянні, у недапамозе і забыцці?..

Прычына правалаў усіх пачынанняў апошніх 20 гадоў — ад дэмакратызацыі і беларусізацыі да ўсялякіх яднанняў і адраджэнняў — у адсутнасці нацыянальнага пакаяння. Мы асуджаныя вяртацца да камунізму, да бязбожжа ў розных абліччах — да той пары, пакуль не пакаемся. Гэта — найважнейшы духоўны закон. Закон жыцця. Інакш няма чаго здзіўляцца: зямля, набрынялая неспавяданай, нераскаянай крывёю, штогод будзе даваць толькі дым і попел.

Думаеш, каб беларусы нарэшце сталі нацыяй, дастаткова выплочваць кожнаму 500 $ на месяц?.. Ці, наадварот, не атрымаўшы $ 500, усім разам выйсці на Плошчу?

«А мне-та за што каяцца?!.» — не проста абурыцца, вызверыцца беларус.

Страх, здрада, бязвольнасць, агульная млявасць і абыякавасць да жыцця ды ўрэшце нармальнасць граху ўжо так прараслі ва ўсіх кутках нашай істоты, так пашкодзілі пухлінамі і метастазамі тканкі ды органы, што выціснуць з сябе раба па кроплі, як прышчыкі на твары — не-а, не ўдасца. Толькі балюча. Да надрыву, да горкай жоўці выбляваць з самага сэрца праз пакаянне.

Яшчэ жывыя відавочцы галадамору, сталінскіх чорных начэй з варанкамі, курапацкіх стрэлаў, ад якіх лопаліся патыліцы… Для іх ясней яснага: д’яблавы чырвоныя зоркі — усё гэта з распаленых глыбіняў самога пекла.

Для іх ясна. А для нас?..

Загасіць, затушыць тут, у Беларусі, іскры нераскаянасці можа адно Той, Хто асудзіў ворага роду людскога навечна гарэць у возеры вогненным. Толькі Госпад Бог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?