Аднойчы, прачытаўшы мае нататкі пра стары Мінск, у якіх узгадваўся знакаміты фантан «Хлопчык з лебедзем», патэлефанаваў Аляксандр Аляксандравіч Ломаць. «У маёй метрыцы, — сказаў ён, — у графе «месца нараджэння» пазначана: «747-ы км…»

Я паехаў знаёміцца.

Размова наша працягнулася з гэтага дзіўнага запісу ў метрыцы.

Нарадзіўся Аляксандр Ломаць, канечне ж, у Мінску, у 1938, а 747-ы кіламетр быў адным з тых, што абслугоўваў ягоны бацька, дарожны майстар на чыгунцы. Сёння гэта Усходняя станцыя, практычна цэнтр горада. А ў 1938 тут быў «747-ы кіламетр». Ад Масквы. Сам Ломаць не ведае, адкуль узяўся гэта запіс, а спытаць у бацькі няма як. Калі дарос да 16 гадоў і ўпершыню пацікавіўся запісам, бацькі ўжо не было, ягоны след згубіўся недзе ў Комі, у паўночных капальнях, куды ў 1944, адразу пасля вызвалення Мінска, быў сасланы «за супрацоўніцтва з акупантамі».

«Супрацоўніцтва» зводзілася да таго, што ён і пры немцах працаваў дарожным майстрам.
Апошні эшалон на ўсход, куды ён, сам чыгуначнік, ледзь уціснуўся з жонкай і дзецьмі, не прайшоў пад бомбамі і дваццаці кіламетраў... Куды было дзецца? Пехатой да Крамля? Здолеўшы выратаваць жонку і пецярых дзетак у пагібельных пакутах пачатку вайны, ён працягваў ратаваць іх, забяспечваючы паўгалоднае існаванне…

Ужо не першы год напярэдадні 3 ліпеня ці не з тыдзень Мінск трасецца і глухне ад грукату танкаў і бэтээраў, а потым з тым жа грукатам адзначае нейкае самаробнае свята, якое не мае аніякіх адносін да сапраўдных падзей амаль сямідзесяцігадовай даўніны. Збіраецца мноства гараджан і прыезджых. Але Ломаця сярод іх няма. 3 ліпеня — не ягонае свята.

Ніхто не ведае ўсяго маштабу мінскай трагедыі 40-х гадоў, у якой былі не толькі Трасцянец і жахі гета, аблавы і шыбеніцы, калабарацыя і гераічны Супраціў, але і самаратаванне на мяжы жыцця і смерці, і жорсткасць «вызваліцеляў» у фуражках з сінімі аколышкамі, якія забрудзілі Мінск, калі жаўнеры пайшлі далей на захад…

Але дзяржава, улада, лязгаючы пераможнымі гусеніцамі, пра гэтую ганебную старонку мінскай гісторыі маўчыць. Бо не маўчаць — значыць зрабіць крок да таго, каб голасна пакаяцца перад тысячамі прысуджаных да знікнення без следу на лесапавалах, у паўночных капальнях толькі за тое, што, кінутыя ў малох гітлераўскай машыны знішчэння, здолелі выжыць самі і зберагчы дзяцей для будучага жыцця…

Пасля хуткага разбіральніцтва ў сценах НКВД і хуткага суда ад Ломацяў адвярнулася амаль уся радзіна, якой па сваяцкіх лініях ад самага пачатку мінулага стагоддзя назбіралася ў Мінску шмат. Па бацькоўскай лініі — усе вакол чыгункі. Гэта таксама мінская гісторыя: горад прырастаў чыгуначнай, як сказалі б зараз, інфраструктурай, а галоўнае — высокакваліфікаванымі рабочымі і майстрамі са сваім адмысловым статусам і побытам… Гэта былі па-сялянску вялікія сем’і, але ўжо з іншай, гарадской афарбоўкай, з іншай, гарадской традыцыяй і даробкам на будучыню. Ломаць з гонарам расказвае пра тое, як ягоны дзед, састаўнік цягнікоў, адзін утрымліваў вялікую, сем душ, сям’ю...

Якім жа моцным ды ўсёпранікальным быў страх, што здолеў раструшчыць не проста трывалыя — звыштрывалыя сваяцкія сувязі!

Ломаць цікавы тым, што не ўпусціў у сябе гэты страх. Не дзіва, што, займаючы даволі высокую пасаду на адным з мінскіх заводаў, падаўся напачатку 90-х у апазіцыю. Стачкам, мітынгі, дэманстрацыі пратэсту…

Ён паказвае фотаздымкі, выразкі з газет… А я думаю пра тое, што пазбавіцца страху магчыма, калі ўсвядоміць гістарычную значнасць сваёй асабістай гісторыі. Усвядоміць, што кожны твой крок у супраціве страху — гэта гістарычны крок. А крок пакідае след.

…Размова наша, уласна, была ў большасці пра Мінск. Ломаць узгадваў, на якіх вуліцах рос, успамінаў тое, што засталося ў дзіцячай памяці з часу акупацыі… А потым раптам сказаў, што «Хлопчыка з лебедзем» пасля таго, як яго ў сярэдзіне 80-х разбурылі вандалы, наноў адліваў ягоны сын. «Тамака пад крылом у лебедзя пазначаны ягоныя імя і прозвішча —Зміцер Ломаць»…

Ужо больш за дваццаць гадоў Зміцер Ломаць жыве ў Аўстрыі, працуе ў буйной фірме. Аб тым, як і чаму з’ехаў, бацька гаворыць з відавочным хваляваннем. Але штосьці, мабыць, перадалося ад сямейнай трагедыі, калі больш не захацеў заставацца ў «краіне-пераможцы».

А след пад крылом у лебедзя застаўся.

Яшчэ адзін след у мінскай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?