У першай частцы відэа самалёт ляціць над Івянцом. У другой ён пралятае над будынкамі вялікага горада. Імаверна, гэта паўднёвыя ўскраіны Мінска: Сухарава й Малінаўка. Пілот схаваў твар пад маскай мядзведзіка, ягоны сябар скідае цацкі з прычэпленымі да іх цыдулкамі.

Жыхары Івянца пацвярджаюць, што бачылі самалёт. Яны расказалі, што плюшавыя цацкі ў мястэчку сабрала міліцыя.

Між тым Мінабароны Беларусі сёння працягвала сцвярджаць, што відэа палёту шведскіх пілотаў над Беларуссю з’яўляецца мантажом і «груба сфабрыкаванай правакацыяй».
«Даследуючы прадастаўленыя фота і відэаматэрыялы, эксперты выявілі грубую працу з ужываннем тэхналогій фоташопу і відэамантажу, што сведчыць аб відавочна правакацыйным характары ​​пададзенай інфармацыі», — падкрэслілі ў абаронным ведамстве.

Варта адзначыць, што Мінабароны ў свой час заблакавала ўстаноўку электраветракоў у Дзяржынскім раёне, бо яны маглі ствараць перашкоды часткам супрацьпаветранай абароны Беларусі.

Група шведаў сцвярджае, што з рызыкай для жыцця правяла смелую акцыю ў падтрымку беларускага руху за свабоду.
Стакгольмскія выданні пішуць, што юнакі пайшлі далей за Матыяса Руста. Яны не проста абышлі беларускую супрацьпаветраную абарону на наступны дзень пасля параду Дня Незалежнасці, але і скінулі на ранішні Мінск 800 цацак. Да плюшавых мядзведзікаў былі прычэплены лозунгі ў падтрымку свабоды.
Калі пацвердзіцца, што шведы сапраўды праніклі ў паветраную прастору Беларусі, гэта будзе найбольшы скандал у СПА ад часоў палёту немца Матыяса Руста.
Ён прызямліўся на Краснай плошчы ў Маскве, што выклікала чараду адставак у савецкім вайсковым ведамстве.

Беларускія ўлады не раз заяўлялі, што надзейна закрываюць паветраную прастору на заходніх рубяжах Расіі.

У дзеяннях шведаў сапраўды была немалая рызыка.
Яшчэ памятная гісторыя, як беларуская СПА збіла паветраны шар, што выпадкова заляцеў на беларускую тэрыторыю з Польшчы. Паветраплаўцы тады загінулі.

Шведы сцвярджаюць, што каля 5.00 ранку — няясна, стакгольмскага ці беларускага часу — скінулі цацкі таксама ў раёне рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Мэтай акцыі была падтрымка дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Хто канкрэтна яе задумаў — не ўдакладняецца.

Зарэгістраваны ў Швецыі самалёт, як сцвярджаецца, вылецеў з тэрыторыі суседняй Літвы і без дазволу пранік у паветраную прастору Беларусі.
Стартаваў ён з аэрадрома ў Пачунах (Пачунай) каля Коўна. Шведы кажуць, што баяліся, каб самалёт не быў збіты беларускай СПА. Аднак некалькігадзінны палёт завяршыўся без здарэнняў.

«Не ведаю, ці засяклі нас радары.

Мы ляцелі на малой вышыні», — адзначае пілот.

Паводле інфармацыі газеты Aftonbladet, акцыя была арганізавана пры фінансавай падтрымцы рэкламнага агенцтва Studio Total. У мінулым гэта агенцтва мела дачыненне, у прыватнасці, да акцыі ў падтрымку правоў жанчын: яно выдала феміністкам грошы (100 тысяч крон), якія яны спалілі ў знак пратэсту супраць дыскрымінацыі жанчын па заробках.

Першапачаткова шведы збіраліся скінуць на Мінск улёткі, але пасля спыніліся на цацках.

Ідэя акцыі шведам магла прыйсці пад уражаннем перформансу беларускай групы моладзі «Zмена».
У лютым былы палітвязень Павел Вінаградаў і ягоныя сябры арганізавалі «Мітынг цацак»: перад уваходам у Менскі гарвыканкам. Там былі змешчаны плюшавыя цацкі з надпісамі, звернутымі да беларускіх уладаў: у прыватнасці, «Дзе свабода слова?» і «Алехандра! Адпусці людзей». Апошні надпіс тычыўся палітвязняў. Улады тады жорстка пакаралі арганізатараў акцыі «Цацкі мітынгуэ»: усе яны атрымалі адміністрацыйныя тэрміны. Інфармацыя пра крэатыўную акцыю і рэакцыю на яе ўладаў прайшла ў сусветных СМІ. «У Мінску арыштавалі цацкі», пісалі газеты.
Варта адзначыць, што Швецыя паслядоўна падтрымліваюць рух нацыянальнага вызвалення ў Беларусі.
У прыватнасці, яны дапамагаюць адзінаму беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат» і ЕГУ.

Газета Aftonbladet ведала пра падрыхтоўку акцыі загадзя. «Нам падабаецца ідэя змагання з дыктатарамі з дапамогай гумару. Найгоршае для дыктатара — калі з яго смяююца», — сказалі шведы ў інтэрв’ю газеце перад вылетам. Яны прызнаваліся, што баяцца, бо самалёт могуць збіць або прымусова пасадзіць, а іх — затрымаць. Але «журналісты і дысідэнты ў гэтай краіне жывуць пры штодзённай рызыцы зняволення» і «мы хацелі, каб свет звярнуў увагу на гэтых людзей».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
мясцовы2 / Адказаць
05.07.2012 / 14:55
якая грубая праца з ужываннем тэхналогій фотошопу і відэамантажу ))))
0
Юрий / Адказаць
05.07.2012 / 14:59
Так, министр бобороны.. И чем дальше вы будете называть это монтажем, тем больше вам ...!
0
Bormotut / Адказаць
05.07.2012 / 15:01
Карачун командующему войсками ПВО МО РБ...
Паказаць усе каментары/ 118 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру