Плюшавых мядзведзяў над Беларуссю раскідвалі прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total.

Прадстаўнік Studio Total Томас Мазеці размясціў на сайце тэлеканала SVT свой зварот, у якім паведаміў, што быў адным з тых, хто прыдумаў, арганізаваў і ажыццявіў палёт у Беларусь.

Як піша Мазеці, у самалёце быў ён сам і яго калега па Studio Total Ханна Ліна Фрэй. Падтрымку акцыі ў Літве і Беларусі ажыццяўлялі Лінда Карлсан і Пер Кромвел. Яны рабілі фатаграфіі з зямлі і павінны былі паспрабаваць забраць пілотаў, калі б іх паспрабавалі збіць.

Паводле слоў Мазеці, яны правялі ў паветры 1 гадзіну 20 хвілін і паспелі за гэты час «дэсантаваць» прыкладна 800 плюшавых мядзведзяў над вёскамі і гарадамі Беларусі, у тым ліку над Мінскам.

Мазеці піша, што яны не ведалі, як адрэагуе на іх паветраная абарона Беларусі, але ацэньвалі рызыку для свайго жыцця як вельмі рэальную:

«Але ўлічваючы, што беларуская апазіцыя штодня падвяргае сябе пагрозе насілля і рэпрэсій, мы думалі, што такая рызыка вартая таго», — заявіў ён.

Калі Томас і Ханна Ліна вечарам вярнуліся дадому, то даведаліся, што інфармацыю пра іх акцыю ў сродках масавай інфармацыі ўспрынялі са скепсісам. Іх здзівіла, што многія газеты задалі пытанне, ці не інсцэніроўка гэта.

Мазеці і яго сябры не планавалі з меркаванняў бяспекі так хутка здымаць маскі, раскрываць свае імёны і раздаваць інтэрв’ю. Мэта іх акцыі была не ў жаданні праславіцца, а звярнуць увагу на тое, што «людзі ў Беларусі падвяргаюцца турэмнаму зняволенню і катаванням за крытыку рэжыму ці патрабаванне свабоды выказвання меркаванняў».

«Мы лічылі, што сродкі масавай інфармацыі самі змогуць праверыць праўдзівасць падзеі, напрыклад, запросяць экспертаў, але яны не змаглі», — піша Мазеці.

Паводле яго слоў, уся паслядоўнасць падзей здымалася на відэакамеру і тое, што ўжо выкладзена ў сетку, — толькі малая частка гэтага.

У інтэрв’ю «Радыё Свабода» Мазеці паведаміў, што палёт у Беларусь рыхтаваўся цэлы год і на падрыхтоўку было зрасходавана шмат сродкаў. Паводле яго слоў, усе грошы, якія зарабляе піярам Studio Total, ідуць на праекты, якія Мазеці і яго сябры лічаць важнымі для сябе.

Міністэрства абароны Беларусі абвергла інфармацыю аб парушэнні паветранай прасторы краіны замежным самалётам, аднак прадстаўнік арміі Літвы заявіў, што правілы выкарыстання паветранай прасторы яго дзяржавы былі парушаны. Праўда, ваенныя пакуль не звязваюць гэта з акцыяй шведаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?