Анатоль Івашчанка, фота Budzma.org.

Анатоль Івашчанка, фота Budzma.org.

Можаце зь мяне кпіць, і сьмяяцца паблажліва, о высакалобыя інцелектуалы й дасьціпныя постмордаўнізты, але адгарнуў я папяровую НН і прачытаў проста бліскучы допіс Паўла Севярынца (мяркую, хутка зьявіцца й на сайце) — і чарговы раз упэўніўся, што гэта найлепшы наш эсэіст. Трапна, афарыстычна, вельмі цьвяроза, цалкам адэкватна. Калі кагосьці бянтэжаць біблійныя эпіграфы й праз тое тэкст апрыёры перагортваецца (кшталту, знаем-знаем вас бапцістаў), то значыць яны (эпіграфы) сваю справу робяць…

Я ўжо й раней пісаў пра Севярынцаву эсэістыку (больш за тое, на занятках чытаем зь цехнарамі яе як прыклад жанру), але паўтаруся. пафас тут (літаральна — апантанасьць Богам) ёсьць не мастацкім прыёмам, але тое, чым гэты чалавек жыве й дыхае. Як Паўлу ўдаецца штотыдня выдаваць такія бліскучыя тэксты (пры гэтым працуючы, адказваючы на лісты, маючы такое абмежаваньне ў рухах — здаецца, на хіміі й праца ў інтэрнэце забароненая?)? Адкуль у яго гэтулькі шчырасьці й Веры? Так, менавіта адтуль.

А ўчора, пасьля Дубаўцоўскай вечарыны, вяртаючыся дахаты, пабачыў каля крамы аўто («Форд С-макс», здаецца). Ззаду налепка Пагоні, на антэнцы бел-чырвона-белая стужачка, паўзьверх ч-з сьцяжка на дзяржнумары (!) — налеплены б-ч-б (праўда, відно, што хтосьці спрабаваў сашкрэбсьці). Ля аўто стаяў і гаспадар — сівы дзядзька гадоў 55. я прыпыніўся, каб сказаць: прыгожая стужка. Ён адказаў літаральна наступнае: так, добрая стужка. Бо я — сапраўдны беларус. У адрозьненьне ад большасьці. Так і сказаў.

І гэтак мне сумна стала адразу. Вось, бляха, гэтае славалюбства, гэтая псеўда-шляхецка-элітарная-выбранасьць, гэтыя ўбогенькія панты… І адварочваюць люд паспаліты. Душыць, душыць у сабе трэба гэтую «сапраўдыбеларускасьць». Хай яна будзе дзесьці глыбака, што паробіш, слабы чалавек. Але ж крычаць пра гэта на кожным куце — прыкмета абмежаванасьці, якая, да жалю, прысутнічае шмат у каго (асабліва з старое гвардыі). Вось праз гэта і ўсе паразы — праз гэтую фанабэрыстасьць — ад самага (сьветлай памяці) зянонаўскага часу. Натуральна, чым большы ўціск, тым большы й супраціў. Натуральна, гэты дзядзька лепшы за яго аднагодкаў, якім усё поцэнтры па жыцьці. Але ж гэтае «сапраўдны ў адрозьненьне ад большасьці».

Перапрашаю, набалела.

пс, А яшчэ ў газеце файнае апавяданьне другога Пашы — Касьцюкевіча. Пра кляшча. Раю!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?