Латвійскі бок вінаваціць беларускія ўлады ў хаванні сапраўдных фактаў аб аварыі на трубапровадзе ў Бешанковіцкім раёне. Раней паведамлялася аб уцечцы 100 тон дызпаліва, аднак міністар унутраных спраў, пасля аблёту Даўгавы на верталёце, дужа занепакоены сітуацыяй і выказваецца катэгарычна: «Вышэй Краславы і да мяжы пляма дызельнага паліва пакрывае рэчку на 80‑90%. Я веру сваім вачам болей, чым заявам». Гэткую ж занепакоенасць выказвае і дырэктар Дзяржаўнай службы аховы асяроддзя Латвіі Віліс Авотыньш: «Зараз даўжыня плямы нафтапрадуктаў складае 100 кіламетраў і пакуль няма прыкметаў таго, што аб’ёмы выкідаў у Даўгаву зніжаюцца».

Нягледзячы на відавочныя факты моцнага забруджвання ракі Заходняя Дзвіна (Даўгава) консул Рэспублікі Беларусь у Латвіі Генадзь Ахрамовіч характэрызуе плямы дызпаліва на вадзе як «мізерныя і мікраскапічныя», аднак сам жа заўважае, што тыя «мікраскапічныя» плямы можна ўбачыць з верталёта. У той жа час Беларусь будзе патрабаваць кампенсаці за панесеныя страты ад расейскага боку. Міністар прыроды і аховы акружаючага асяроддзя Лявонцій Харужык абвінаваціў расейскую кампанію «Захад‑транснафтапрадукт» у наўмысным давядзенні да аварыйнага стану трубапровада Унеча‑Вентспілс. «Будзе створана адмысловая камісія, якая ацэніць усе тыя страты, якія нясуць арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у ліквідацыі наступстваў аварыі, і непасрэдную шкоду прыродзе і экалогіі»,— заявіў начальнік Віцебскага абласнога упраўлення МНС Васіль Чакан. Па яго словах кампанія «Захад‑транснафтапрадукт» мусіць кампенсаваць нанесеную шкоду і затраты па ліквідацыі аварыі.

Нагадаем, што 23 сакавіка ў выніку аварыі на трубаправодзе Унеча‑Вентспілс у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці адбылася уцечка больш за 100 тон дызпаліва, якое трапіла ў раку Ула, а потым ў Заходнюю Дзвіну. У 9 гадзін раніцы 26 сакавіка пляма забруджвання дасягнула латвійскага горада Краслава. Латвія звярнулася па дапамогу да Літвы, Эстоніі, Фінляндыі і Швецыі.

Сяржук Серабро, «Народныя навіны Віцебску»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0