Амерыканка Серэна Уільямс, абыграўшы сёння ў фінале польскую тэнісістку Агнешку Радванскую — 6:1, 5:7, 6:2 стала пераможцай адзіночнага разраду Уімблдонскага турніру.
Шостая ракетка свету Серэна Уільямс стала пераможцай адзіночнага разраду на Ўімблдоне ўжо пяты раз. Раней яна была наймацнейшай у 2002, 2004, 2009 і 2010 гадах.
Чарговы трыумф Серэны Уільямс дапамог беларусцы Вікторыі Азаранцы вярнуцца на першае месца ў сусветным рэйтынгу, абноўленая версія якога будзе апублікаваная 9 ліпеня.
Вікторыя Азаранка з 30 студзеня на працягу 19 тыдняў займала верхні радок у сусветнай класіфікацыі, пакуль у чэрвені не прайграла ў 1/8 фіналу «Ралан Гарос» славачцы Дамініцы Цыбулкавай, прапусціўшы на вяршыню расіянку Марыю Шарапаву. Але тая пратрымалася на першым месцы ўсяго месяц, бо ў 1/8 фіналу Уімблдона прайграла Сабіне Лісіцкі з Нямеччыны.
Вікторыя ж Азаранка на Уімблдоне выбыла з розыгрышу на паўфінальнай стадыі, саступіўшы Серэне Уільямс.
Агнешка Радванска магла стаць першай ракеткай свету, калі б выйграла сёння ў Серэны Уільямс.