Збор гарадзкіх раварыстаў ля кінатэатра Горадня ў суботу стаў неафіцыйным адкрыцьцём сэзону роварнага руху. Акцыя мае назву «Крытычная маса»: аматары двух колаў і пэдаляў зьбіраюцца разам і едуць па горадзе.

Тыя, хто бярэ ўдзел у гэтым руху, ня супраць машын — яны супраць стаўленьня да раварыстаў на дарозе як да прыкрай перашкоды. «Крытычная маса» — гэта спакойная і паважлівая абарона сваіх правоў і асваеньне гарадзкой прасторы. Цяпер яна будзе праводзіцца ў Горадні адзін раз на два тыдні.

Акцыя папулярная ў багата якіх краінах і ладзіцца ў дзьвюх сотнях гарадоў. Узьнікла яна ў 1992 годзе ў Сан‑Францыска.

«Я ўжо шмат гадоў ежджу па горадзе выключна на ровары, таму з пэўнасьцю магу сказаць, што нармальных умоваў для руху няма, — адзначае ўдзельніца Кацярына. — Мы хочам, каб нас лічылі раўнапраўнымі ўдзельнікамі дарожнага руху.»

У іх няма спонсараў, арганізатараў і палітычнай праграмы, затое ёсьць жаданьне дамагчыся нармальнай роварнай інфраструктуры: веладарожак, спэцыяльных стаянак. Добрым прыкладам для гарадзенцаў можа паслужыць настойлівасьць удзельнікаў «Крытычнай масы» ў Чыкага, дзе яны адыгралі выключную ролю ў рашэньні ўладаў пабудаваць велавакзал і адпаведную інфраструктуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?