У Следчым камітэце Беларусі завершана папярэдняе расследаванне ўчыненага ноччу 1 студзеня 2012 года забойства Юліі Ляшук, вучаніцы 8-га класа Лядзецкай сярэдняй школы Столінскага раёна. Дзяўчынка была знойдзена задушанай.

30 чэрвеня матэрыялы расследавання былі перададзены ў Генеральную пракуратуру, а 6 ліпеня адпраўлены для разгляду ў Брэсцкі абласны суд. Пра гэта 9 ліпеня журналістам паведаміў старшы следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення СК Аляксандр Казачэнка.

Абвінавачванні ва ўчыненні злачынства прад’яўлены аднавяскоўцам забітай дзяўчынкі. На момант злачынства ім было па 17 гадоў, цяпер — па 18. Яны аднакласнікі.

Дзеянні абвінавачваных кваліфікаваны паводле п. 2, 7 і 15 ч. 2 арт. 139, ч. 3 арт. 166 і ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэкса (забойства заведама малалетняй у групе, згвалтаванне заведама малалетняй, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да малалетняй).
Акрамя таго, аднаму з абвінавачваных інкрымінуецца яшчэ і ўчыненне крадзяжоў. Пра гэта стала вядома падчас расследавання крымінальнай справы.

Паводле слоў Казачэнкі, следства лічыць, што нагодай да ўчынення злачынства стала «жаданне абвінавачваных задаволіць свае сексуальныя патрэбнасці».

«Раскрыццё злачынства стала вынікам зладжанай працы вялікага калектыву з ліку супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС», — адзначыў ён.

Максімальнае пакаранне, якое можа пагражаць абвінавачваным, — 15 гадоў пазбаўлення волі.

Матэрыялы справы складаюць 20 тамоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?