Газэта «24 Hodin» расказвае пра новую ініцыятыву управы грамадзкага транспарту чэскай сталіцы. Праскім рэвізорам прапануюцца бясплатныя курсы замежных моў. Заняткі фінансуе Эўразьвяз у межах праекту «Адкрытая і даступная Прага», скіраванага на паляпшэньне іміджу чэскай сталіцы за мяжой.

Штогод грамадзкім транспартам карыстаецца больш за мільён чалавек. Прыкладна траціну складаюць іншаземцы.

Транспартнікаў будуць навучаць пярвесткам ня толькі ангельскай, але й іншых моў. Апроч таго, яны вывучаць на прыкладах, як вырашаць тую ці іншую канфліктную сытуацыю. Пра тое, што на практыцы ў кожнага рэвізора ўжо былі канфлікты, сумнявацца не выпадае. Далёка ня кожны «заяц» пагодзіцца выкласьці бяз бою 500 кронаў штрафу. Былі выпадкі, калі чэхі, каб пазьбегнуць пакараньня, спрабавалі выдаваць сябе за іншаземных турыстаў.

Навучаньне працягнецца да сярэдзіны наступнага году, да гэтага часу паліглётамі стануць 240 чалавек. Першыя сто рэвізораў пачнуць навучаньне ўжо на наступным тыдні.

Паводле Радыё Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0