09.07.2012 / 16:23

Апазіцыя ў рамках бачнасці

Апазіцыю пусцілі ў акруговыя камісіі, якія нічога не вырашаюць.

На 110 акругаў будзе столькі ж камісій, у склад кожнай увойдзе 13 чалавек.Ва ўсіх абласцях будуць прадстаўленыя вылучэнцы ад апазіцыі. Напрыклад, у Мінску такіх будзе 14 чалавек. Восем чалавек ад «Справядлівага свету», 4 — ад БНФ, па 1 — ад АГП і БСДП.

У Брэсцкай вобласці «гуляліся ў дэмакратыю», калі старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар папрасіў дадаткова ўключыць у камісіі шасцёх апазіцыянераў. Выйшла, што ў камісіі трапіла 15 апазіцыянераў. Тут таксама перавага на баку «Справядлівага свету».
Ад посткамуністаў прайшло 8 чалавек з 13 вылучаных. Па 2 чалавекі прадставяць БСДП і БНФ. На аднаго чалавека больш у АГП, хаця вылучалі яны восем чалавек.

У астатніх абласцях сітуацыя яшчэ горшая. Напрыклад, у Віцебскай трапілі чатыры чалавекі ад партыі Калякіна і два ад БНФ. А вось тое ж АГП, хоць і вылучала 7 прадстаўнікоў, засталося ні з чым. У адмове спаслаліся на тое, што не паспелі з заяўкай.

У Гродзенскай вобласці 89% кандыдатаў на ўключэнне ў камісіі мелі ранейшы падобны досвед.

Сярод 20 партыйцаў, што трапілі ў склад камісій Гомельскай вобласці толькі трое з апазіцыйных партый. Астатнія прадстаўляюць праўладную Камуністычную партыю, Рэспубліканскую.

У Мінскай вобласці ў камісіі трапіла некалькі чалавек ад вядучых апазіцыйных партый.

У выніку апазіцыя ў акруговых камісіях будзе менш за 1% прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Большасць зоймуць вылучэнцы ад «Белай Русі», афіцыйных прафсаюзаў, Чырвонага крыжа.
Сябры акруговых камісій не ўдзельнічаюць у падліку галасоў, таму ўлады больш ахвоча ўключаюць сюды апазіцыянераў, чым, скажам, у склад участковых камісіі.

Некаторыя апазіцыйныя партыі і арганізацыі нават не спрабавалі вылучаць сваіх прадстаўнікоў.

Парламенцкія выбары адбудуцца 23 верасня.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру