09.07.2012 / 17:02

Уладзімір Някляеў. Знакі прыпынку 13

9 ліпеня, у дзень народзінаў паэта, НН пачынае друкаваць яго новыя запісы.

* * *

З літаратурнай крытыкі савецкіх часоў: «Адна з задач мастацтва — высвеціць патаемнае ў чалавеку…» І высвечвалі, які homo sovetikus патаемна перадавы патрыёт, грамадзянін, сямейнік…

Патаемнае ў чалавеку — брыдкае. Гэта найперш ягоныя патаемныя страсці. Комплексы. Хто стане хаваць прыгожае?..

Мала хто пакапаўся ў патаемным гэтак, як Дастаеўскі. Жарсці кахання, сумлення, веры… А Зігмунд Фрэйд даводзіў, што патаемнае ў Дастаеўскім зусім іншае. Ён сцвярджаў, напрыклад, што жарсць да гульні ў Дастаеўскім разам з безвыніковай барацьбой за тое, каб пазбавіцца ад яе, гэта працяг ягоных мастурбацый, непазбытая цяга да ананізму.

У самога Фрэйда, мяркуючы па ўсім, прыблізна гэткія ж патаемнасці.

А дзе ў Дастаеўскага пра «непазбытую цягу»? Нават у «Запісках з падполля», рэчы самай патаемнай, пра гэта няма. А было толькі, як можна здагадацца, у лістах да віцебскага гімназіста Уладзіміра Стукаліча. Тым жа гімназістам, па настойлівых патрабаваннях Дастаеўскага, спаленых.

Патаемнае ў чалавеку — гэта тое, што пасля яго — попел, прах, зямля. Толькі гэта.

* * *

Найцяжэй прывыкнуць да чалавечай разнастайнасці. Адсюль: інакшых не павінна быць!

* * *

Я сябраваў з Аляксандрам Кішчанкам, бліскучым мастаком. Пад скон жыцця (не ведаючы і не мяркуючы, канешне, што пад скон) ён стварыў неймаверных памераў габелен з выявамі найвыбітных прадстаўнікоў чалавецтва, назваўшы яго «Габелен веку». Як назіральнік працэсу, я захапляўся і якасцю, і маштабнасцю працы.

Калі габелен быў амаль завершаны, партрэты геніяў і герояў размешчаныя ад верху да нізу, у самым версе засталося месца, дзе, як вяршыня ўсяго, павінна была з’явіцца выява Бога.

Кішчанка спытаў, хто там, побач з Богам, павінен, па-мойму, быць?

Пытанне не здалося мне дзіўным, мы размаўлялі і не на такія тэмы. Але як я ні спрабаваў, гэтак і не здолеў уявіць, хто ж з людзей — хай сабе нават выключна ў фантазіях аўтара мастацкага твора — можа суседнічаць з Госпадам? Не ведаў я, хто там, у самым версе на габелене павінен быць…

На прэзентацыі свайго ўнікальнага твора мастак Аляксандр Кішчанка паказваў прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, дзе той, як найвыбітны прадстаўнік чалавецтва, у дадзены момант знаходзіцца: у самым версе «Габелену веку». Побач з Госпадам. Нават трошкі вышэй.

І гэта зрабіў сапраўдны мастак. Настолькі сапраўдны, што можна было б меркаваць, што партрэт Лукашэнкі, размешчаны на габелене вышэй за выяву Бога, — гэта выклік. Вытанчаная дэманстрацыя супроцьстаяння мастака і ўлады, творчая знаходка, прыхаваная форма непрыхаванага здзеку. Так можна было б меркаваць, калі б яно было так…

* * *

Калі ў грамадстве ёсць супрацьстаянне мастака і ўлады, значыць, грамадства не свабоднае. Таму што

свабодзе мастак не замінае. Свабода з мастаком не змагаецца.

* * *

Неяк Аляксандр Кішчанка, у якога, апроч таленту мастака, быў яшчэ і талент апавядальніка, распавёў пра сваё жыццё-быццё ў Кіеве ў адным жытле з Сяргеем Параджанавым.

Параджанаў, як усялякі паўднёвы чалавек, выдаваў сябе за тонкага знаўцу ўсіх на свеце напояў. І аднойчы прывёз гляк віна з Грузіі, сказаўшы, што ні Кішчанка, ні хто-небудзь іншы ў Кіеве такога боскага пітва не смакаваў, таму сёння ён ладзіць вечарыну, каб хоць сябры сапраўднага віна паспрабавалі і да скону за тое яму, Параджанаву, былі ўдзячныя. З тым і пайшоў кінарэжысёр Параджанаў на кінастудыю, а

мастак Кішчанка, пакуль Параджанаў працаваў і збіраў гасцей, пабегаў па крамах, накупіў процьму рознай брыдоты, якая ў той час называлася віном, зліў усё ў адзін тазік, дадаў цукру, мёду, спецый, нагрэў гэты жудасны кактэйль на агні, астудзіў і напоўніў ім гляк, перад тым разліўшы віно, якое ў гляку было, у пляшкі з-пад брыдоты.
Вечарам з’явіўся Параджанаў з гасцямі, пачаў з гляка наліваць, разам з усімі піць, смакаваць, пытацца: «Ну як?..» -- і ўсе вочы закочвалі: «О, боскае віно!..» -- а калі тое «боскае» скончылася і Кішчанка з пляшак з-пад брыдоты стаў наліваць сапраўднае віно, дык усе госці (і першы Параджанаў) сказалі: «Якое г…»
Такія ўсе мы самелье -- і так «разбіраемся» не толькі ў вінах.

* * *

З Піменам Панчанкам на пісьменніцкім з’ездзе стаялі на лесвічнай пляцоўцы і курылі. У зале пляскалі ў далоні, тупалі нагамі, свісталі, зганялі з трыбуны прамоўцаў.

Пімен Емельянавіч дакурыў цыгарку, кінуў акурак у сметнік і сказаў: «Трыццаць гадоў назад тупалі мацней».

* * *

Міхась Стральцоў задаваў, здаралася, зусім нечаканыя пытанні. Ну, да прыкладу: «Калі ты паэт, дак скажы, што такое кондак?..»

Пра кондак ніхто (у тым ліку я) нічога не ведаў. Але я дазнаўся з энцыклапедыі, што гэта такое, і калі ў бары Дома літаратара Міхась Лявонавіч запытаўся пра той кондак у Міколы Федзюковіча, я за таго адказаў.

«Кондак — жанр візантыйскай царкоўнай паэзіі, назва якога паходзіць, магчыма, ад грэцкага kontakion, што значыць кароткі, але больш верагодна — ад цюркскага kondgar, што можна перакласці як настаўленне на шлях ісціны». (З энцыклапедыі).

Прыкладна так, як напісана ў энцыклапедыі, я і сказаў.

Уразіў мой энцыклапедычны адказ не столькі Стральцова, які ўхвальна кіўнуў: «Малайчына, што прачытаў, паэту трэба ведаць прафесію», — колькі Міколу. Ён хадзіў ад стала да стала і ўсім прапаноўваў наліць і выпіць за мяне, стоячы, бо такіх разумных, як я, ён не сустракаў і ўжо наўрад ці сустрэне, хоць сам скончыў літаратурны інстытут.

Аляксей Дудараў, з якім мы тады вельмі блізка сябравалі, амаль заўсёды і паўсюль бывалі разам, выпіць за мяне згадзіўся, але ўставаць, седзячы з Жэняй Янішчыц, не захацеў, спытаўшы: «А з чаго ты ўзяў, што Някляў такі разумны?»
Мікола пачаў тлумачыць яму, чаму: «Бо Някляеў ведае… ведае… бо ведае… бо…» — ніяк не мог ён, нахадзіўшыся ад стала да стала, успомніць, чаму я разумны, а Дудараў усё чакаў, не ўставаў, шклянка ўсё не налівалася, і Мікола скончыў знясілена: «Бо ты кондак!..»

«Не энцыклапедычна, але лагічна», — пачуўшы гэта і ціха засмяяўшыся, сказаў Стральцоў.

* * *

«О, таямніца кніг, скажы, з якіх людскіх глыбінь ты цуды здабывала? Твой зачынальнік слоў не знаў і мала свет разумеў, не меў матык і сох, маўчаў, як сом, пакуль бяда не ўзяла за шчэлепы яго і на пясок не кінула, пакуль сярод начы яго душы нямой, сканаць гатовай, не загадала: — Дыхай, плач, крычы, нябыт цяжкі пазбудзь не рыб’яй мовай».

Куляшоў…

Калі развітваліся, над труной вар’яцеў лютаўскі вецер, і снег ляцеў стужкамі, уверх, уніз і ў бакі, і стужкі скручваліся адна з адною ў трубачкі, жорсткія, як драцяныя, на якія чапляюць папяровыя кветкі.

Калі развітваліся, чорна-чырвоная стужка ў некага зляцела, яе перакідвала ветрам ад магілы да магілы — і ніхто яе не падымаў. З дэталяў чамусьці рэзка запомнілася менавіта гэтая беспрытульная чырвона-чорная стужка жалобы.

0
Маша / Адказаць
09.07.2012 / 18:45
С днем рождения, народный поэт! С удовольствием прочитала эссе, жду продолжения. Здоровья, счастья, вдохновения и океан любви.
0
amateur / Адказаць
09.07.2012 / 19:19
З Народзінамі!!!! Здароўя і добрага настрою!!! Ну, і каб пра нас не забываліся і пісалі, пісалі!!!!
0
Litvarus / Адказаць
09.07.2012 / 19:21
Сп. Некляев, не пытайцеся вырашаць міравые праблемы. Самые, самые сучасные філосафы постмадэрністы прыйшлі да высновы, што яны не вырышальные. Лепш кіньце усе свае сілы, увесь ваш талент на вырашэнне нашай беларускай праблематыкі. Што адбылося з нашым народам? чаму ён адзіны хто не падняўся з каленяў, з усіх народаў былога Савецкага саюзу, пры тым што нашымі суседзямі ( гэта значыць блізкімі да нас) яўляюцца такіе нацыяналістычные нацыі як палякі, летувісы ( да і украінцы таксама). Я бачу ў гэтай асаблівасі толькі нашую назву белых, непаўнавартасных, другасных рускіх. Руская культура забіла нашую і зрабіла з нас апошняга каланіяльнага народа ў Свеце.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру