Сярод лётчыкаў, якія загінулі ў Самалі, быў брат удзельніцы Плошчы‑2006, вязьня Жодзінскай турмы Надзеі Сычуговай Арцём.

Сёньня ў штаб‑кватэры ААН у Нью‑Ёрку пройдзе нарада экспэртаў сябраў Рады Бясьпекі, якая разгледзіць трагічныя інцыдэнты зь беларускімі транспартнымі самалётамі Іл‑76 у Самалі 9 і 23 сакавіка. Мяркуецца, што зацікаўленыя бакі зьвернуцца да ўрадаў шэрагу афрыканскіх краінаў з заклікам забясьпечыць эвакуацыю дзесяці беларускіх інжынэраў і целаў адзінаццаці загінулых пілётаў. Між тым, сваякам загінулых дагэтуль невядома, калі ў Беларусь прывязуць труны.

Надзея і Арцём Сычуговы рана страцілі бацькоў. Надзея расказвае, што брат ад маленства хацеў стаць лётчыкам, мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты, атрымаў спэцыяльнасьць авіятэхніка і на мінулым тыдні быў накіраваны ў першую камандзіроўку:

«Гэта ягоная мара была, я цудоўна ведала, як ён хацеў быць авіятарам. І вось адбылася ягоная першая камандзіроўка. Натуральна, з бацькамі мы калісьці раней ляталі, але што тычыцца працы, то гэта было яго першае прафэсійнае заданьне. Дагэтуль ён не лятаў… Так склаўся лёс, што мы толькі ўдвох засталіся, а цяпер я страціла апошняга блізкага чалавека».

Расказаць сястры пра афрыканскія ўражаньні 23‑гадовы Арцём не пасьпеў: падчас узьлёту з аэрапорту Магадыша Іл‑76 быў абстраляны радыкальнымі баевікамі, рухнуў на зямлю і згарэў у салярцы, што выцекла з бакаў.

Навошта запатрабавалася тэрмінова ляцець у Самалі пасьля таго, як за тыдзень да трагедыі ледзьве не разьбіўся яшчэ адзін Іл‑76? У «Трансавіяэкспарце» тлумачаць: калі падбіты самалёт пакінуць без нагляду, яго разрабуюць.

Таму сцэнар быў такі: у Магадыша закідаюць спэцыялістаў, якія два тыдні будуць разьбіраць борт — найперш здымаць рухавікі. А ўжо пасьля плянаваўся яшчэ адзін рэйс, каб забраць людзей разам з тэхнікай. Такім чынам, самалёт быў зьбіты менавіта тады, калі пасьля высадкі тэхнікаў зьбіраўся адлятаць у Менск.

Сёньня кіраўніцтва кампаніі «Трансавіяэкспарт» сабрала сваякоў загінулых пілётаў. Аднак, як кажа Надзея Сычугова, нічога пэўнага яны не пачулі. Прынамсі, падрыхтаваны да вылету самалёт, які меўся забраць з Магадыша брыгаду тэхнікаў і целы загінулых, так туды і ня вылецеў:

«Казалі, што была магчымасьць больш‑менш бясьпечная, але штосьці не атрымалася, таму рэйс адмянілі. Сказалі так: спадзяваліся, што гэта магло быць учора, але нічога не атрымалася. Таму цяпер усе застаюцца ў аэрапорце Магадыша — як жывыя людзі, брыгада тэхнікаў, так і труны».

«Скажыце, калі ласка, але ж экіпаж быў застрахаваны?»

«Так, я якраз прыехала з Варшавы, мы перад вылетам размаўлялі, і брат сказаў, што застрахаваўся на мяне. Ну, і ў «Трансавіяэкспарце» сёньня сказалі, што яны ўсім гэтым будуць займацца. Але мяне, шчыра кажучы, гэтае пытаньне ў гэтай сытуацыі ня вельмі турбуе», —, — адказала сястра загінулага авіятэхніка.

Ні пра тэрміны дастаўкі целаў на радзіму, ні пра магчымыя кампэнсацыйныя выплаты ніякай інфармацыі няма. Бальшыня сем’яў наўпрост залежалі ад заробкаў авіятараў і цяпер іх чакае надзвычай цяжкі час.

Як стала вядома, лётчыкі былі застрахаваныя на 15 тысяч даляраў кожны, што мізэрна ў параўнаньні з той жа Расей, дзе на 75 тысяч даляраў кампаніі страхуюць пасажыраў, ня кажучы пра пілётаў.

У Міністэрстве замежных справаў запэўніваюць: дзяржава робіць усе магчымыя захады дзеля вяртаньня на радзіму целаў загінулых пілётаў і камандзіраваных тэхнікаў.

Гаворыць прадстаўнік ведамства Андрэй Папоў:

«Нашымі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі, найперш у Нью‑Ёрку і Абу‑Дабі, зробленая вельмі сур’ёзная і вялікая праца. Яна каардынавалася і вялася ў шчыльным узаемадзеяньні з нашым Дэпартамэнтам авіяцыі. Галоўная мэта высілкаў — забесьпечыць максымальна канкрэтныя гарантыі басьпекі для рэалізацыі эвакуцыйна‑выратавальнай апэрацыі. Магу толькі сказаць: на гэты час мы падышлі да практычных варыянтаў рэалізацыі апэрацыі, яны існуюць».

Дэталяў спадар Папоў не падаў, спаслаўшыся на «вельмі спэцыфічную сытуацыю ў Самалі». Паводле прадстаўніка МЗС, ніякая інфармацыя не павінна трапіць перадусім да лідэраў тэрарыстычных груповак.

Надзвычайнае здарэньне такога маштабу ва ўсім сьвеце прыраўноўваецца да нацыянальнай трагедыі. Аднак у Беларусі 25 сакавіка, на наступны дзень пасьля трагедыі, на пляцоўцы аэрапорту «Менск‑1» улады распарадзіліся правесьці канцэрт.

Радыё "Свабода"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?