Праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі у бабруйскай калоніі № 2 займаецца ўпакоўкай міліцэйскіх пагонаў. Пра гэта ён паведаміў у лісце праваабаронцы Таццяне Равяцы.

«Бяляцкі працуе ўпакоўшчыкам. Сярод іншай прадукцыі калоніі — рукавіцы, прасціны і гэтак далей — прысутнічаюць і міліцэйскія пагоны. Іх Бяляцкі таксама ўпакоўвае. Вось я і думаю: чаму менавіта зняволеным вызначана вырабляць міліцэйскія пагоны», — цікавіцца праваабаронца.

Бяляцкі, паводле слоў Равякі, ні на што не скардзіцца.
«Ён піша галоўным чынам пра тое, як адбывае пакаранне. Мала піша пра ўмовы ў калоніі і пра здароўе. Лісты ад яго — такія маленькія спакойныя нататкі пра жыццё. Напрыклад, пра тое, што на тэрыторыі калоніі жывуць трое баброў, пра якіх ён цікава распавядае», — адзначыла праваабаронца.

Паводле яе слоў, Бяляцкі цяпер «мала чытае кнігі». «Галоўным чынам ён чытае выпісаныя яму газеты, адкуль даведваецца пра тое, што адбываецца ў краіне. Пасля працы і газет на кнігі часу практычна не застаецца», — расказала Равяка.

У лістападзе мінулага года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўзяў пад увагу той факт, што грошы, якія паступаюць на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для дзейнасці закрытага ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна». Таксама суд не ўзяў пад увагу тое, што ўрон, які нібыта нанёс Бяляцкі, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Арышт Бяляцкага меў шырокі міжнародны рэзананс. Беларускі праваабаронца абвешчаны вязнем сумлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?