Адмовіцца ад двухтыднёвага адключэння летам гарачага водазабеспячэння немагчыма, але можна скарачаць тэрміны, заявіў 10 ліпеня напрэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністражыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун.
Як ён растлумачыў, «адключэнне гарачага водазабеспячэння звязана з неабходнасцю правядзення выпрабаванняў абсталявання і цепласетак». «Цеплавая сетка перад правядзеннем выпрабаванняў павінна астыць на працягу прыкладна сутак. Потым праводзіцца выпрабаванне павышаным ціскам. Калі яно паспяховае, то можна прадоўжыць цеплазабеспячэнне спажыўцоў. Як правіла, выпрабаванні выяўляюць скрытыя дэфекты ў трубаправодах, на ўхіленне якіх таксама патрабуецца час», — сказаў чыноўнік.
«Каб пазбегнуць адключэння гарачай вады на два тыдні, варыянт ёсць толькі адзін, які патрабуе змяніць сістэму цеплазабеспячэння населенага пункта з магчымасцю пераключэння на іншую крыніцу ці іншую цепламагістраль.Гэта даволі затратнае мерапрыемства», — сказаў намеснік міністра.
Ён таксама адзначыў: «Чым больш мы заменім зношаных сетак, тым будзе меншы тэрмін адключэння. Акрамя гэтага, скарачэнню тэрмінаў можа спрыяць прымяненне сучасных матэрыялаў».