Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s канстатуе захаванне высокіх рызыкаў у фінансавай сферы Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце агенцтва ў сувязі з апублікаваннем штогадовай крэдытнай справаздачы па Беларусі.

Паводле ацэнкі экспертаў Moody’s, рэйтынг дзяржаблігацый на ўзроўні B3 і негатыўны прагноз па гэтым рэйтынгу адлюстроўваюць «умераны эканамічны патэнцыял краіны, вельмі нізкі інстытуцыйны патэнцыял і нізкі рэсурс дзяржаўных фінансаў, якія павялічваюць адчувальнасць краіны да рызыкаў».

Менавіта высокая ўспрымальнасць Беларусі да рызыкаў і стала ключавым фактарам у вырашэнні панізіць рэйтынгі пазыковых абавязацельстваў урада з B1 да B2 у сакавіку 2011 года, а затым — да B3 у ліпені 2011 года, а таксама ўстанавіць негатыўны прагноз, тлумачыць Moody’s.

Эксперты агенцтва лічаць, што афіцыйныя валютныя рэзервы і штогадовыя валютныя паступленні ў Беларусь застаюцца нізкімі ў адносінах да ўзроўню знешняга доўгу і абавязацельствамі па яго пагашэнні.

«Узровень абавязацельстваў па пагашэнні доўгу з’яўляецца ўразлівым да ваганняў даступнасці міжнароднага фінансавання, — гаворыцца ў рэлізе. — У гэтым плане Беларусь галоўным чынам залежыць ад Расіі і фінансавых інстытутаў, што падтрымліваюцца Расіяй. Паказчык знешняй уразлівасці краіны (кароткатэрміновы знешні доўг, абавязацельствы па доўгатэрміновым знешнім доўгу, сума дэпазітаў нерэзідэнтаў на працягу года, падзеленыя на аб’ём золатавалютных рэзерваў) у 2011 годзе перавысіў 600%. І хоць з таго часу гэты паказчык скараціўся да 350%, ён па-ранейшаму перавышае сярэдні каэфіцыент для краін, рэйтынг якіх знаходзіцца на ўзроўні В».

Moody’s таксама адзначае: умераная ацэнка эканамічнага патэнцыялу Беларусі абапіраецца на высокі рэальны тэмп росту ВУП, які ў 2000–2011 гадах складаў у сярэднім 7% штогод, шматгаліновы прамысловы сектар і адносна высокі ўзровень даходу на душу насельніцтва і добрая адукацыя працоўнай сілы, якая падтрымлівае высокі прафесійны ўзровень дзякуючы нізкаму ўзроўню беспрацоўя.

«З іншага боку рост усё больш залежыць ад знешняга доўгу і з’яўляецца ўразлівым да ваганняў знешніх фінансавых патокаў, — гаворыцца ў паведамленні.
— Акрамя таго, міжнародныя даследаванні ацэньваюць якасць кіраўніцкага апарату Беларусі, эфектыўнасць нарматыўных актаў і судовай сістэмы як вельмі нізкія ў параўнанні з іншымі краінамі. Інстытуцыйны патэнцыял аслабляе адсутнасць прадказальнай і празрыстай палітыкі, а таксама грамадскіх дэбатаў па пытаннях эканамічнай палітыкі».
Паводле ацэнкі аналітыкаў Moody’s, дэфіцыт бюджэту ў Беларусі ніжэйшы, чым у іншых краін з аналагічным рэйтынгам.
Разам з тым фінансавае становішча ўрада здаецца менш моцным у параўнанні з імі з улікам расходаў, звязаных з мерамі па рэструктурызацыі банкаў, чыстым крэдытаванні фінансавых устаноў і забеспячэннем гарантаванага дзяржавай доўгу.

Значнае павелічэнне дзярждоўгу за апошнія некалькі гадоў і верагодны працяг залежнасці ад знешняга доўгу для фінансавання нацыянальных ініцыятыў росту аслабляюць крэдытаздольнасць урада Беларусі, лічыць міжнароднае рэйтынгавае агенцтва.

Акрамя таго, прыкладна 70% прадпрыемстваў Беларусі, у тым ліку банкаў, з’яўляюцца дзяржаўнымі, і любыя магчымыя іх страты ўяўляюць сабой умоўныя абавязацельствы ўрада, адзначаюць эксперты Moody’s.

Крытычна ацэньваюць перспектывы беларускай эканомікі ў адсутнасць структурных рэформ і аналітыкі Сусветнага банка.

У Краінавым эканамічным мемарандуме СБ для Беларусі, які быў прэзентаваны ў Мінску 10 ліпеня, адзначаецца: эканамічны рост у апошняе дзесяцігоддзе забяспечваўся галоўным чынам за кошт фактараў, якія не спрыялі павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Адной з асноўных прычын эканамічнага росту ў Беларусі былі танныя энерганосьбіты.

Паводле ацэнкі экспертаў СБ, Беларусі неабходна пайсці на структурныя рэформы.
Гэта дазволіць вырашыць некалькі фундаментальных праблем, а менавіта: пераразмеркаваць працоўныя рэсурсы і капітал на карысць сегментаў эканомікі з высокай прадукцыйнасцю; ажыццявіць рэструктурызацыю сектара дзяржпрадпрыемстваў; павялічыць ролю прыватнага сектара і сектара паслуг у эканоміцы.
«Паспяхова вырашыўшы гэтыя задачы, Беларусь ажывіць свае канкурэнтаздольныя сегменты эканомікі і раскрые нявыкарыстаныя магчымасці для эканамічнага росту.
Гэта таксама скароціць залежнасць эканомікі ад паставак энерганосьбітаў з Расіі па заніжаных цэнах і дазволіць ёй падняцца ўверх у ланцужку стварэння кошту ў межах сусветнай інтэграцыі», — адзначаецца ў мемарандуме СБ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?