А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых,
    дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых,
    рабіце дабро ненавіснікам вашым
    і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых
    і ганіцеляў вашых.
    Мацвея 5:44.

Бяроза — горад з вырваным сэрцам.

Старое места Бярозы — знішчаны кляштар манахаў-картузіянаў. Вялізная руіна разбуранай крывава-цаглянай сцяной агаро-джвае пустку, поўную забытага гвалту і пакутаў на некалькі стагоддзяў углыб.

Гэтак жа, ранай у сэрцы, зеўрае і бліжняе Берасце з крушнямі Крэпасці, і разварочаная Горадня, і стары Менск.

Але Бяроза — выпадак асаблівы. Аддаецца рваным болем, калі чуеш тутэйшых: маўляў, Бяроза Картузская — гэта ад картуза, які павесіў на прыдарожную бярозу ці то Пётр І, ці то Сувораў.

Насамрэч Бяроза як горад пачыналася вакол кляштара Святога Крыжа. У 1648 Казімір Леў Сапега, сын славутага канцлера ВКЛ, выдаткаваў 10 тысячаў чырвоных злотых закону картузіянаў — самаму строгаму з усіх каталіцкіх. Манахі ордэна, заснаванага ў 1084 святым Бруна ў французскай пустэльні Шартроз (Cartusia), давалі зарокі маўчання, фізічнай працы, увесьчаснай малітвы, посту — і поўнай самоты. У мурах кляштара для манахаў прызначаліся адмысловыя эрэмы — глухія келлі з таўшчэзнымі сценамі: нават ежу самотнік атрымліваў праз адтуліну з двума паваротамі, каб ні з кім не сустрэцца.

Велічны барокавы ансамбль з касцёлам і дазволам на кірмашы зрабіўся асновай мястэчка: неўзабаве Бяроза мела два цагельныя заводы, пяць млыноў, вяла гандаль соллю, хлебам і мёдам, віном і півам.

Ці прадчуваў Казімір Леў Сапега, глыбокі вернік, містык, які вучыўся ў чатырох еўрапейскіх універсітэтах і быў пахаваны ў паўднёвай сцяне кляштара ў 1666, што будаваў для сябе магілу, а для беларусаў — Крыж?..

Ціхамірнае жыццё скончылася з расійскай акупацыяй.
У 1823 царскія чыноўнікі спрабавалі засудзіць кляштар за тое, што быццам бы выдаткаваў паўстанцам Касцюшкі мільён злотых. А ў 1831, выставіўшы трох манахаў як удзельнікаў чарговага паўстання, кляштар зачынілі, ягоныя землі сканфіскавалі, а лісты медзі з даху адправілі на будоўлю праваслаўнай царквы ў Гродна.

У кляштарных мурах размясціўся расейскі полк. Бярозу Картузскую перайменавалі ў Бярозу Казённую.

Менавіта гэтыя расейскія казармы ля руінаў старога кляштара ў 1930-я ўлады ІІ Рэчы Паспалітай прыстасавалі пад турму для соцень беларускіх і ўкраінскіх камуністаў ды незалежнікаў.

Пасля гучнага забойства дзеяча «санацыі», міністра ўнутраных справаў Польшчы Перацкага 15 чэрвеня 1934 прэм’ер Леон Казлоўскі пры падтрымцы Юзафа Пілсудскага дамогся распараджэння прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага — і ў краіне «залатой вольнасці» запрацаваў першы канцэнтрацыйны лагер на ўзор сталінскіх ды нацысцкіх. Месца, дзе дазвалялася катаваць людзей без суда і следства.

Пабудка — а 4-й ранку. 6.30 — баланда. Увесь дзень стаіш тварам да сцяны пад наглядам.
Ноч — кладзешся на падлогу, але кожныя паўгадзіны — пад’ём і праверка. Здзеклівая гімнастыка па 7 гадзінаў запар, да млення.

Усе загады выконваць бегма. Размаўляць забаронена — карцар. Прыбіральня — раз на дзень, агульная для ўсіх, на некалькі секундаў, паспееш толькі зняць ды адзець порткі. Правініўся — чысціць выграбныя ямы голымі рукамі (мыць потым забаронена). Бессэнсоўная егіпецкая праца: капаць і засыпаць ямы, перасоўваць з месца на месца цяжкія камяні кляштарнай муроўкі… Адмаўляешся?.. Ад пяці да пяцідзесяці ўдараў у твар.

І клічуць цябе цяпер — «быдла».

Галоўная мэта — прынізіць дашчэнту, давесці да скрайняга знемажэння і зламаць. Людзі паміралі, выходзілі з Бярозы калекамі ды вар’ятамі. Расказваць пра ўмовы ўтры-мання было забаронена пад страхам вяртання ў «кляштар».

Праз пекла Картуз-Бярозы прайшлі тысячы беларусаў, падазраваных у супрацы з КПЗБ і БХД,
у тым ліку адзін з лідараў хадэкаў, праваслаўны багаслоў і сенатар польскага Сейма Вячаслаў Багдановіч, рэдактар часопіса «Шлях моладзі» і аўтар кнігі «Беларусь учора і сёння» Язэп Найдзюк, а таксама правадыры ўкраінскага нацыянальнага руху: атаман Украінскай Паўстанцкай Арміі Тарас Баравец і камандуючы УПА Раман Шухевіч.

Што ж зрабіла савецкая ўлада на месцы польскага канцлагера, у якім нішчылі камуністаў?.. Зноў казармы, ды яшчэ са свінарнікам. У сутарэннях, дзе былі пахаваныя Сапегі, гніла бульба. І — чаканная фраза краязнаўца: «Толькі ўлетку 1989 з кляштара былі выведзеныя свінні Мінабароны СССР».

Бяроза — гэта беларускі пароль з Нагорнай казані, Евангелля паводле Мацвея, 5:44: «Любіце ворагаў вашых…»

Бо як інакш жыць побач з суседзямі, якія разбуралі твае храмы, вешалі найлепшых людзей твайго роду, катавалі тваіх святароў і паэтаў, прымушаючы капаць ды засыпаць ірвы, крычаць ад удараў палкамі ды ботамі, поўзаць на каленях па бясконцай, усыпанай бітай цэглай і шклом крывавай дарожцы?..

Гэтак жа ненавідзець? Высочваць час, каб урэшце адпомсціць? Выхоўваць дзяцей са смакам крыві на вуснах?..

Але як можна забыцца, калі твае бліжнія дзеля абароны сваёй свабоды і годнасці топчуць ды забіваюць цябе?

Не, прабачэнне — гэта не забыццё. Прабачаеш — гэта калі бярэш увесь боль на сябе і аддаеш яго Богу. Калі надсілу, як цяжка б гэта ні было, расхінаеш уласнае сцятае сэрца для аднаўлення адносінаў, да вызвалення ад пекла ўсярэдзіне. «Хіба я не знішчаю ворагаў, калі ператвараю іх у сяброў?..« — спытаўся калісьці адзін мудры ўладар.

«Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром», — паўтарае апостал тым, хто не зразумеў пра ворагаў з першага разу.

Мы нават не ўяўляем, як гэта…

Любіць, днямі да атупення і страты прытомнасці стоячы перад каменнай сцяной.
Любіць, калі цябе лупяць па твары, бо дапамог падняцца таварышу. Любіць, калі рукі, запэцканыя ў кале, трасуцца і рассыпаюць крохі лагернай пайкі хлеба. Любіць, калі, ашалелы, ледзь перастаўляеш змачаленыя да косці кульці-калені па нясцерпных зубах бітага шкла…

Любіць палякаў, расейцаў, немцаў… і саміх сябе — забыўлівых, абыякавых, запалоханых беларусаў.

Калі мы не хочам жыць на гэтай зямлі са скрываўленай вырванай пусткай замест сэрца — кожнаму з нас трэба вучыцца любіць. Любіць настолькі моцна, як Той, Хто прыняў на Сябе ўвесь наш грэх і ўвесь наш боль на Крыжы.

Каб «Бяроза» аддавалася ў грудзях не пагрознай злосцю, а гулкім кляштарным рэхам: «Бог ёсць любоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?