Белстат выдаў штогадовы статыстычны даведнік, датычны развіццю ў краіне культуры, спорта і турызма. Дадзеныя прадстаўленыя на канец 2011 года. «Наша Ніва» звярнула увагу на стан культуры ў краіне і параўнала лічбы з тымі, якія былі тры гады таму, у 2008 годзе.

Замест кніг — часопісы

Летась у Беларусі было выдадзена 11 084 кнігі. Гэта на 16% менш, чым тры гады таму. Агульны наклад кніг і брашур тым часам склаў 34,3 мільёна асобнікаў. Гэта на 20% менш, чым у 2010, і ажно на 38% менш, чым тры гады таму.

Па-беларуску друкуецца ўсяго толькі 8,5% кніг — і па накладзе, і па агульнай колькасці кніг.
Яшчэ 6,2% кніг выдаецца на замежных мовах, перадусім па-англійску.

А вось часопісаў і іншых перыядычных выданняў стала выходзіць больш — 60 мільёнаў асобнікаў за год! За тры гады агульны наклад вырас на 46%.

Куды ходзяць беларусы?

Год за годам паўзуць уніз паказчыкі колькасці бібліятэк (іх засталося 3738, за апошнія тры гады закрылася кожная восьмая бібліятэка) і клубаў (засталося 3578, закрыўся кожны дванаццаты). Але найбольш рэаліі часу ўдарылі па ўстаноўках для паказаў кіно. Іх засталося 744, за тры гады перастала працаваць кожная другая.

Нягледзячы на гэта, беларусы глядзяць фільмы ўсё часцей. Летась сабралася больш за 10 мільёнаў гледачоў.
За тры гады іх стала больш на 11%.

Цікавасць выклікае і спіс самых папулярных фільмаў. На першым месцы «Піраты карыбскага мора», якія сабралі 421 тысячы гледачоў, за імі новы фільм пра Гары Потэра (304 тысячы) і «Трансформеры-3» (276 тысяч).

Найлепшым сярод беларускіх фільмаў стаў «Рыжык у Залюстроўі», якога паглядзелі 80 тысяч беларусаў.

А вось хваля папулярнасці заапаркаў і тэатраў зменшылася. Паглядзець на жывёлаў сабралася толькі 655 тысяч чалавек (на траціну менш). А вось тэатральныя пастаноўкі наведалі 1,85 мільёна чалавек. За тры гады згубілася 3% гледачоў.

Заробкі ў культуры і спорце

І напрыканцы фінансавыя пытанні. Іерархія работнікаў сферы культуры ў залежнасці ад велічыні сярэдняга месячнага заробку за 2011 год выглядае наступным чынам.

У сферы радыёвяшчання і тэлебачання зараблялі 2,51 мільёна рублёў, у часопісах — 2,27 мільёна рублёў, у інфармацыйных агенцтвах — 2,2 мільёна.

А вось сярод аутсайдараў — выдаўцы гуказапісаў (990 тысяч рублёў) і вытворцы музычных інструментаў (1 020 тысяч рублёў).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?