Навучыцца кіраваць паветраным шарам можна і самому.

Навучыцца кіраваць паветраным шарам можна і самому.

Верталёт Robinson R44.

Верталёт Robinson R44.

Авіяранча ў Зарачанах працуе і ўзімку.

Авіяранча ў Зарачанах працуе і ўзімку.

Лёгкасць, з якой самалёт са шведскімі лётчыкамі трапіў у неба нашай краіны і раскідаў цацкі, здзіўляе. Скандынавам удалося зрабіць тое, што недаступна для большасці нашых суайчыннікаў — палюбавацца краявідамі Беларусі з вышыні птушынага палёту.

Колькі каштуе атрымаць тыя ж эмоцыі, што і яны? Мы абралі чатыры шляхі — палёты на самалёце, верталёце і паветраным шары, а таксама скачок з парашута.

Парашут

У Беларусі з часоў росквіту Добраахвотных таварыстваў удзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) захавалася 11 аэраклубаў. Самым папулярным з’яўляецца мінскі, які знаходзіцца ў Баравой. Скачок з вышыні 3 кіламетраў разам з інструктарам каштуе 1,2 мільёна рублёў. Аднак, каб зэканоміць, можна паехаць у рэгіёны. Напрыклад, у Віцебску за такі самы скачок давядзецца заплаціць 950 тысяч рублёў, а ў Сычкове пад Бабруйскам — каля 890 тысяч рублёў.

Што да самастойных скачкоў, то трэба спачатку прайсці пяцігадзінны інструктаж (каштуе каля 100 тысяч рублёў). Сам палёт з вышыні 900 метраў каштуе ад 300 да 650 тысяч у залежнасці ад месца.

Зрэшты, многія мінскія экстрэмалы абіраюць таннейшы варыянт і скачуць з уласнымі парашутамі з дахаў мінскіх высотак. Яны лічаць, што 75-90 метраў — дастатковая вышыня, каб паспець адчуць сябе ў палёце і ў патрэбны момант пацягнуць за колца. Праўда, за такія небяспечныя скачкі можна атрымаць немалы штраф ці нават быць арыштаваным.

Верталёт

Тытунёвы магнат Павел Тапузідзіс летась адкрыў у Ратамцы на Мінскім моры «Робінсан Клаб». Сярод іншых забавак ён дае магчымасць пакатацца на верталётах. Кошт палёту складае каля $500 за гадзіну. Можна абмежавацца і 15 хвілінамі, заплаціўшы, адпаведна, каля $130. Гэтыя сумы можна падзяліць на трох пасажыраў — больш у верталёт не ўлезе.

Як паведамілі ў службе пракату клуба, маршрут уключае ў сябе палёт над санаторыем «Юнацтва», вяслярным каналам, Заслаўем і іншымі аб’ектамі ў заходнім накірунку ад Мінска.

Максімальная працягласць палёту верталёта Robinson R44 складае 3 гадзіны, а крэйсерская хуткасць дасягае 240 км/г.

Самалёт

Раней у Ратамцы на месцы клуба Тапузідзіса знаходзілася «Авіяранча». Пасля некалькіх трагічных выпадкаў яно закрылася. З нядаўняга часу «Авіяранча» працуе каля аграсядзібы «Зарачаны» ў Пухавіцкім раёне. «Разынка» адпачынку — паветраны маршрут па ваколіцах — называецца «Пары над Зарачанамі».

Паветраны шар

«Падымі мяне па-над зямлёю, падымі мяне ў светлы абшар», спяваў у канцы 1990-ых N.R.M. Цяпер сустрэць у небе світанак ці заход сонца стала нашмат прасцей. З паветранымі шарамі ў Беларусі працуе кампанія «Аэратур Балунс».

Самая недарагая прапанова ад яе — так званы «прывязны палёт». Паветраны шар уздымаецца на вышыню да 50 метраў і вісіць уверсе на працягу 10 хвілін. Гэта каштуе $30 з кожнага пасажыра.

За тое, каб палятаць на вышыні да 1 кіламетра, давядзецца заплаціць каля $250 з чалавека за гадзіну. «Згодна з традыцыяй, пасля першага палёту вас чакае прысваенне графскага тытула і выдача сертыфіката», — адзначаюць у «Аэратуры». На вышыні можна зладзіць і вяселле. Яно будзе каштаваць прыблізна $500 з чалавека.

Што да тэрыторыі палёту, то шар можа ўзляцець з любой пляцоўкі плошчай 50х50 метраў пры наяўнасці дазволу.
Сярод самых папулярных месцаў запуску — «Робінсан Клаб», «Лінія Сталіна», «Дудуткі». З канца ліпеня паветраны шар пачне ўзлятаць і з Камсамольскага возера ў Мінску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?