Беларускую мову афiцыйныя ўлады Беларусi не надта шануюць, гэта вядомы факт. На розных узроўнях! Пачынаючы з кiраўнiка дзяржавы, якi, як вядома, калi i выкарыстоўвае “другую дзяржаўную мову”, то амаль заўсёды ў негатыўным кантэксце, альбо чытаючы па-беларуску з паперкi. I заканчваючы мелкiм дзяржаўным клеркам, якi, пачуўшы беларускую мову, успрымае вас альбо лепшым сябрам Зянона Пазьняка, альбо нейкiм iншаземцам. Даходзiць часам да камiчнага: журналiст Аляксандр Класкоўскi распавядае ў “Нашай Нiве” пра тое, як ён аднойчы патэлефанаваў у Нацыянальную бiблiятэку Беларусi i запытаўся, цi можна пранесцi туды лiчбавую камеру. “Вы имеете в виду калькулятор?” — спакойна перапытала супрацоўнiца “алмазу ведаў”.

А як сiтуацыя з мовамi ў Бельгii, 10-мiльённай, як i Беларусь, заходнееўрапейскай краiне, дзе дзяржаўнымi лiчацца таксама дзве мовы: французская i нiдэрландская? Фiгуруе тут, праўда, сярод дзяржаўных моў яшчэ i нямецкая, але на ёй размаўляе невялiчкая правiнцыя на ўсходзе краiны, i большасць насельнiцтва, трэба прызнаць, нямецкую мову не ведае.

Двухмоўе на кожным кроку

Як па тэрытарыяльным, так i па моўным прынцыпе Бельгiя падзяляецца на тры рэгiёны: Фландрыя, Валонiя i сталiца — Брусель. У Фландрыi пражывае больш за 65 працэнтаў насельнiцтва краiны, абсалютная большасць якога, натуральна, фламандцы, якiя размаўляюць на нiдэрландскай мове (яна ж фламандская). “Мiльянер” Брусель (амаль у два разы меншы за Мiнск! — Аўт.) на 80 працэнтаў размаўляе па-французску, нягледзячы на тое, што гiстарычна гэта фламандскi горад. Большасць назваў раёнаў горада сведчыць пра гэта: Маалбеек, Маленбеек, Скаарбеек, Сэнт-Гiлiс. Ну i ў Валонii пануе, натуральна, мова французская. Але Бельгiю па ўсiх паказчыках усё ж такi можна назваць класiчнай двухмоўнай дзяржавай. Крыху пазней зразумееце чаму.

Кожная з дзяржаўных моў у Бельгii паважаецца i падтрымлiваецца — i заканадаўча, i ў штодзённым жыццi. Кожная карыстаецца аднолькавым статусам: размаўляй на той мове, якая табе здаецца больш зручнай, больш блiзкай. I жывi ў тым рэгiёне, у якiм хочаш — iнстытута прапiскi ў Бельгii, на шчасце, няма, ёсць толькi фармальная рэгiстрацыя.

Кожная з iснуючых у Бельгii двухмоўных суполак — так званыя франкамоўная i нiдэрландамоўная — мае свой парламент з даволi шырокiмi паўнамоцтвамi, сваю Канстытуцыю, свой урад, нават свайго мiнiстра-прэзiдэнта. Ёсць, канешне, яшчэ i федэральны ўрад на чале з федэральным прэм'ер-мiнiстрам Гiем Верхофстадам, якi цудоўна размаўляе на абедзвюх дзяржаўных мовах, i федэральны, так скажам, кароль Альберт II. Але i кароль даволi рэгулярна намагаецца нагадваць сваiм суайчыннiкам, што з'яўляецца манархам двухмоўнай дзяржавы, — свабодна валодае i французскай, i нiдэрландскай.

Двухмоўе iснуе ў Бельгii паўсюль — на паперах, на шыльдах, у рэкламных тэкстах, нават, на падстаўках пад куфаль пiва ў бары i г.д. Аб'явы ў метро i супермаркетах абавязкова робяць двойчы: па-нiдэрладску, потым па-французску (у Валонii i Бруселi наадварот). Нават гарады маюць па дзве назвы — фламандскую i французскую: Антверпен i Анвер, Бруге i Брюж, Люiк i Льеж, Гент i Ганд, Намэн i Намюр.

Нядаўна, напрыклад, франкамоўная суполка правяла праз парламент закон пра тое, што ў Фландрыi кожны яе жыхар мае права патрабаваць у “гементэхёйсе” (аналаг беларускага выканкама, але выбiраемы насельнiцтвам) паперы i бланкi на французскай мове. Своеасаблiвы знак павагi ў бок жыхароў-франкафонаў, якiя аседзелiся ў Фландрыi. Нават старэйшы ў Еўропе Лёвэнскi унiверсiтэт мае свой франкамоўны фiлiял у Валонii. Для гэтага ў 70-х гадах мiнулага стагоддзя ў прыгарадзе Бруселя быў пабудаваны невялiчкi студэнцкi гарадок пад назвай Новы Лёвэн.

I наогул, у Бельгii прынята адказваць на той мове, на якой да вас звяртаюцца. I таму амаль кожны клерк, кожны чыноўнiк павiнен быць “твэйталiх”, двухмоўным. “Парле ву франсэ? Спрэйкт ю недэрландс?” — “Вы размаўляеце па-французску альбо па-нiдэрландску?” Калi суразмоўца пачынае, як кажуць, лезцi за словам у кiшэню, усё зразумела — перад вамi альбо турыст-iншаземец, альбо лайдак, якi ў школе мовы вывучаў дрэнна, пра будучыню сваю не думаў. Такiх тут шкадуюць. Але не болей.

Упартая Валонiя, шматмоўная Фландрыя

Але не ўсё так ружова i ў Бельгiйскiм Каралеўстве. Паўднёвая частка Бельгii Валонiя, у якой пражывае крыху больш за чвэрць насельнiцтва, размаўляе, вiдаць, толькi на адной мове — французскай. У мiнулым Валонiя — самая заможная частка краiны, у асноўным за кошт вугальных шахт, сёння — самая бедная. I ўпартая! Не жадаюць валонцы вучыць iншыя мовы i ўсё!

Нядаўна валонскi мiнiстр-прэзiдэнт Элiа дзi Рупа адказваў на пытаннi журналiстаў па тэлебачаннi, i адно пытанне прагучала па-фламандскi. Тут высокапастаўлены франкафон даволi моцна “паплыў”: пачаў блытацца, задумваўся на доўгiя хвiлiны, дэманстраваў моцны акцэнт. Зараз дзi Рупа спадзяецца выйграць федэральныя парламенцкiя выбары, якiя мусяць адбыцца сёлета. Pas de chance! Geen kans! Шансаў, кажуць бельгiйцы, у яго нуль!

Зусiм iншая сiтуацыя з мовамi ў бельгiйскай сталiцы Бруселi, i асаблiва ў Фландрыi. Тут i ў звычайным жыццi, i ў бiзнесе iснуе нават не двухмоўе, i не трохмоўе, а часам — чатырохмоўе. Любая паважаючая сябе фiрма, любая дзяржаўная ўстанова абавязкова патрабуе ад сваiх супрацоўнiкаў свабоднага валодання, акрамя нiдэрландскай i французскай, яшчэ i англiйскай мовай. I вельмi часта ўдакладняе пры прыёме на працу, што валоданне яшчэ адной еўрапейскай мовай — нямецкай, iспанскай, iтальянскай альбо шведскай — дадатковы “плюспюнт”, альбо перавага перад канкурэнтамi, на працоўнае месца. У шматлiкiх еўрапейскiх установах, якiя, як вядома, месцяцца ў Бруселi, менеджэры па кадрах наогул не будуць з вамi размаўляць, пакуль не ўбачаць у вашай анкеце ў рубрыцы “веданне моў” як мiнiмум чатырох-пяцi пунктаў.

Больш таго, на трох мовах у Бельгii размаўляюць не толькi чыноўнiкi ды клеркi, але i звычайныя кiроўцы аўтобусаў, прадаўцы ў супермаркетах, прыёмшчыцы ў хiмчыстцы. Спачатку гэта здзiўляе, потым прымаеш як належнае. Веданне некалькiх моў — гэта не толькi неабходная ўмова, каб знайсцi добрую працу ў Бельгii, але i асаблiвы шык, якiм бельгiйцы любяць хвалiцца перад суседзямi, калегамi. Калi вы ў грамадскiм транспарце будзеце чытаць, напрыклад, “Народную волю”, сусед па лаўцы, убачыўшы незнаёмыя лiтары, абавязкова пацiкавiцца мовай, на якой вы чытаеце.

У апошнi час па Бруселi гуляе нават мода на тую цi iншую мову. Недзе ў 90-х гадах мiнулага стагоддзя, сцвярджаюць мясцовыя жыхары, назiраўся бум на рускую мову, зараз газеты стракацяць аб'явамi пра курсы кiтайскай мовы. Вiдаць, памятаюць многiя бельгiйцы словы Гётэ, якi казаў: “Тыя, хто не ведае замежных моў, не маюць паняцця пра сваю ўласную”.

Хочаш вучыць мову? Атрымлiвай стыпендыю!

Фламандскi ўрад шмат робiць для таго, каб заахвочваць “ньюкамераў”, альбо новых жыхароў Бельгii, а таксама суайчыннiкаў з Валонii вучыць нiдэрландскую мову. Па ўсёй краiне працуе сетка бясплатных альбо вельмi танных фламандскiх школ, якiя ў большасцi фiнансуюцца ўрадам. Для беспрацоўных iснуе VDAB — “Фламандская служба па пасрэднiцтве ў працаўладкаваннi i прафесiйнай адукацыi”. Гэта спецыяльная дзяржаўная школа (таксама са шматлiкiмi фiлiяламi), дзе слухачы, у тым лiку iншаземцы, могуць не толькi вывучаць нiдэрландскую мову, але i атрымаць нейкую спецыяльнасць, перавучыцца, калi ў гэтым ёсць патрэба. Плацiць за гэтую адукацыю не трэба. Наадварот! Усе слухачы атрымлiваюць стыпендыю — 1 еўра ў гадзiну. Гэта, праўда, да абкладання падаткамi, але ўсё роўна ад 60 да 150 еўра штомесяц у залежнасцi ад раскладу заняткаў, на банкаўскi рахунак слухача накапае. Трапiць на вучобу ў VDAB зусiм не цяжка: здай элементарны тэст на веданне асноў мовы, выберы сабе спецыяльнасць i наперад! Iснуюць, праўда, чэргi на паўгода-год на некаторыя дэфiцытныя спецыяльнасцi, сярод якiх, напрыклад, аўтамеханiк i кiроўца велiкагрузнай фуры. Аднак абсалютная большасць курсаў стартуе альбо з пачатку вучэбнага года ў вераснi, альбо з пачатку каляндарнага.

Акрамя таго, у Бруселi працуюць шэсць спецыяльных кафэ “бабелют”, куды кожны можа прыйсцi ў зручны для яго час, папiць гарбаткi i, што самае галоўнае, папрактыкавацца размаўляць па-нiдэрландску з так званымi носьбiтамi мовы. Носьбiты мовы, як правiла, — гэта добраахвотнiкi-фламандцы: урачы, гандляры, iнжынеры, пенсiянеры, нават чыноўнiкi Еўракамiсii. Фiнансавую падтрымку “бабелютам” таксама аказвае фламандскi ўрад...

Згодна са статыстыкай, у Фландрыю ў 2006 годзе прыехала жыць каля 25 тысяч чалавек — iншаземцаў i валонцаў (на сённяшнi дзень 8% жыхароў Бельгii — iншаземцы). I толькi 4 з паловай тысячы з гэтых 25 пайшлi на курсы нiдэрландскай мовы. Як правiла, гэта найбольш актыўная, iнтэлектуальна развiтая частка “ньюкамераў”, якая разумее, што без ведання мовы добрай працы iм не знайсцi, жыццё сваё не палепшыць.

На жаль, пакуль не ўсе жадаючыя могуць пайсцi вучыць мову. Па iнфармацыi фламандскага мiнiстра дабрабыту Мiка Вогелса, “у мiнулым годзе на фiнансаванне бясплатных моўных курсаў урадам было выдзелена 9 мiльёнаў еўра, што ў параўнаннi з тым жа 2000 годам амаль у дзесяць разоў болей”. “Але ўсё роўна гэтага недастаткова, — лiчыць сп.Вогелс. — Каб задзейнiчаць усiх iншаземцаў, трэба не менш за 29 мiльёнаў еўра”. Трэба думаць, што сiтуацыю “выпраўляе” тая частка прыезджых, хто проста не хоча вучыць мову. Звычайна, гэта прадстаўнiкi Блiзкага Усходу i Афрыкi, якiя вандруюць па свеце ў пошуках лёгкiх сацыяльных грошай. Мясцовыя палiтыкi прапануюць караць тых, хто не вучыцца, — пазбаўляць iх сацыяльнай дапамогi, прымушаць плацiць за курсы, калi “iнтэгрант” пачаў навучанне, а потым раптоўна яго прыпынiў без уважлiвай прычыны.

Падкрэслю, што пэўныя лiмiты тычацца выключна бясплатных курсаў. Платных моўных школ (дарэчы, не надта дарагiх) у Бельгii, як кажуць, вазок ды маленькая каляска.

Смяёмся над сабой

Хачу ў якасцi дэсерта на моўную тэму апiсаць чытачу адзiн жартоўны малюнак у бельгiйскай газеце: па абодвух баках умоўнай мяжы памiж Фландрыяй i Валонiяй стаяць дзве групы людзей — натуральна, фламандцы i валонцы. Валонцы трымаюць у руках плакат, на якiм па-французску напiсана: “Мы не размаўляем па-нiдэрландску”. У адказ знаходлiвыя фламандцы намалявалi свой плакат, таксама па-французску: “А мы не размаўляем, мы працуем”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?